Сітуацыя на спажывецкім рынку 28 і 29 мая стабілізавалася. Пра гэта заявілі БелаПАН у прэс-службе Мінгарвыканкама.

Як сцвярджаюць сталічныя ўлады, гэта пацвярджае маніторы гандлёвай сеткі, праведзены спецыялістамі галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку, упраўлення гандлю і паслуг сумесна з гарадской санэпідэмстанцыяй і адміністрацыямі раёнаў.

За два дні маніторынгам ахоплены практычна ўсе харчовыя магазіны: 28 мая — 600 магазінаў і 29 мая — 310. «Матэрыялы маніторынгу паказваюць, што ажыятажнага попыту няма. Попыт на ўсе тавары (муку, крупу, алей, воцат, макаронныя вырабы, соль, цукар) характарызуецца як звычайны, які адпавядае стабільнаму перыяду рэалізацыі», — робіць выснову прэс-служба.

З улікам працы баз ААТ «Белбакалея», ААТ «Мінбакалеягандаль» ноччу 27 мая, баз і холадакамбінатаў у выхадныя дні 28 і 29 мая за тры дні ў гандлёвую сетку пастаўлена: цукру — 864 тоны, солі — 320 тон, макаронных вырабаў — 65 тон, алею — 7 тон, воцату — 3,4 тыс. дал, свініны — 140 тон, птушкі — 140 тон.

Паводле інфармацыі Мінгарвыканкама, таварныя запасы ў рознічнай сетцы і арганізацыях аптовага гандлю не зніжаны і дазволяць ажыццяўляць (без уліку новага паступлення) бесперабойны гандаль цукрам і соллю на працягу 30 дзён, мукой, крупамі ячнымі — 25 дзён, алеем — 40 дзён.

Апрача таго, 28 мая праведзена маштабная праца з рознічнымі гандлёвымі арганізацыямі па зніжэнні гандлёвых надбавак на тавары імпартнай і айчыннай вытворчасці, з найбольш высокім узроўнем росту адпускных цэн пастаўшчыкамі. Інфармаванне насельніцтва рабілася шляхам указання на цэнніках старой і новай цаны, з улікам яе зніжэння. За два дні (28 і 29 мая) на 43 групы тавараў зніжаны гандлёвыя надбаўкі ў сярэднім на 5–20%. На крупы ў асартыменце зніжэнне гандлёвых надбавак склала да 10%, селядзец — да 12%, каву, гарбату, імпартную садавіну — да 15% і г.д.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?