Рашэнне ўрада пашырыць спіс сацыяльна значных тавараў, на якія часова ўводзіцца рэгуляванне цэн, прывязе да іх росту. Такую думку ў інтэрв’ю БелаПАН выказаў кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін.

Паводле яго слоў, «гэта абсалютна не рыначнае рашэнне, якое не дасць нічога добрага ні для насельніцтва, ні для бізнесу».

«Гандлёвым арганізацыям пры абмежаванні гандлёвых надбавак больш выгадна прадаваць больш дарагі тавар. Яго цану можна накруціць, прапусціўшы праз ланцужок легальных і нелегальных пасрэднікаў. У адказ дзяржава можа ўвесці нейкія санкцыі, але рызыкі штрафных санкцый зноў жа будуць закладзены ў цану тавару», — сказаў эксперт.

Рашэнне ўрада таксама можа прывесці да дэфіцыту тавараў, а «дзе дэфіцыт — там чорны рынак, карупцыя», падкрэсліў Балыкін.

Апрача таго, зазначыў эксперт, «такія меры палохаюць замежных і айчынных інвестараў».

«Мне гэтыя рашэнні нагадваюць пастанову № 991, якой фактычна забаранялася пасрэдніцтва. Яна потым была адменена. Дзяржава, з аднаго боку, абвяшчае лібералізацыю, а з другога — сваімі дзеяннямі ўсіх палохае. Яна, як толькі з’яўляюцца праблемы, бярэ ў рукі дубінку і пачынае біць ёю па галовах», — заўважыў эксперт.

«Лепшы рэгулятар цэн — гэта нябачная рука рынку, пра якую казаў яшчэ Адам Сміт, — падкрэсліў Балыкін. — Дзяржаве для таго, каб сапраўды знізіць цэны, неабходна праводзіць правільную макраэканамічную палітыку і не надзімаць эканоміку пустымі грашамі, усяляк умацоўваць давер да нацыянальнай валюты. Тады насельніцтва не будзе імкнуцца пазбаўляцца ад грошай, укладваючы зарплату ў тавары».

У Інстытуце эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук БелаПАН адмовіліся каментаваць пастанову ўрада, спаслаўшыся на нейкую забарону.

28 мая Савет міністраў прыняў пастанову № 676. Дакумент пашырае спіс сацыяльна значных тавараў, на якія часова ўводзіцца рэгуляванне цэн. У спіс уключаны рыба, сыры, некаторыя крупы, агародніна, садавіна, кава, гарбата, соль, мясныя вырабы, сінтэтычныя мыйныя сродкі. Пастанова «скіравана на спыненне неабгрунтаванага росту цэн на спажывецкія тавары (паслугі) у Беларусі».

Спыніць рост цэн запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 27 мая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?