Палітолаг Валер Карбалевіч пракаментаваў зварот урада Беларусі ў МВФ з просьбай выдаць стабілізацыйны крэдыт.

Зварот у Міжнародны валютны фонд, на думку сп. Карбалевіча, гэта і шантаж Расіі, і адначасова спроба атрымаць грошы на авось. «Улады Беларусі ў бяспройгрышнай сітуацыі ў дадзеным выпадку, бо нічога не губляюць. Тым больш, што эканамічная сітуацыя ў краіне сапраўды надзвычай складаная, звяртацца па дапамогу больш няма куды». Пытанне толькі, ці дасць МВФ грошы?

Па словах эксперта, палітыка фонду ў дачыненні да Беларусі з’яўляецца своеасаблівай «чорнай скрыняй». Зусім нядаўна эксперты МВФ давалі даволі аптымістычныя прагнозы эканамічнага развіцця Беларусі на бліжэйшы год. І выглядае, што эканамічны крызіс, які абрынуўся на нашу краіну ў 2011 годзе, стаў для іх нечаканасцю. Дзіўна і тое, падкрэслівае палітолаг, што свае прагнозы адносна Беларусі эксперты фонду будавалі на аснове дадзеных, атрыманых ад беларускіх уладаў.

Эксперт кажа, што пакуль досыць складана ацэньваць шанцы Беларусі на атрыманне запрошанай дапамогі. «Невядома, якімі матывамі сёння кіруецца МВФ у дачыненні да Беларусі. У 2009 годзе наша краіна атрымала крэдыт ад фонду, не выканаўшы асноўных патрабаванняў. Як будзе цяпер, цяжка сказаць, бо зразумела, што ЗША будуць патрабаваць найперш выканання палітычных умоваў — вызвалення палітзняволеных».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?