Сёння, на саракавы дзень пасля Вялiкадня, беларусы святкуюць вялікае свята — Ушэсце. Згодна з хрысцiянскай традыцыяй, яно прысвячаецца ўзнясенню Iсуса Хрыста на нябёсы.
Нашы продкi верылi ў тое, што на Ушэсце можна вымалiць любую просьбу,калi знайсцi ўдаву, якая пасля смерцi мужа дзесяць гадоў жыла адна, цi цнатлiвую маладзiцу 33 гадоў, i праз яе папрасiць тое, што вельмi патрэбна. Няхай знойдзенная вамi «прасiцелька» прыйдзе ў вашу хату i каля абразоў скажа: «Прашу радзi Хрыста за рабу Божую (iмя), каб даў ёй (яму) Гасподзь (тое i тое). Амiн».
Ушэсце лiчылi вызначальным у дачыненнi да надвор’я на блiжэйшы час. У народзе да гэтага часу жывуць такія прыкметы: «Ушэсце з дажджом, Iлля з навальнiцай»; «Як не будзе дажджу на Ушэсце, так не будзе шэсць нядзель». А яшчэ было заўважана, што на саракавы дзень пасля Вялiкадня птушкi замаўкаюць i адцвiтаюць сады.