Жыхар Нясвіжа правёў амаль дзевяць гадоў за кратамі па абвінавачанні ў забойстве, якога не ўчыняў. Перш чым дабіцца справядлівасці, яго родныя некалькі разоў прайшлі ўсе інстанцыі — да Вярхоўнага суда і Генпракуратуры. Пасля вынясення апраўдальнага прысуду абвінавачваны плакаў у клетцы
.

Нясвіжскі раённы суд. 1 чэрвеня. Суддзя Слуцкага раённага суда Наталля Халадок выносіць прысуд па справе абвінавачанага ў забойстве жыхара Нясвіжа Аляксандра Булавіна. У клетцы малады мужчына. У зале яго бацькі і жонка забітага. Напярэдадні пракурор запрасіў пакаранне — 10 гадоў пазбаўлення волі. Галоўныя словы прысуду гучаць у самым пачатку: «Невінаваты. Апраўдаць». Чалавек у клетцы плача. Ён правёў у калоніі восем гадоў і восем месяцаў. За гэты час ён страціў працу, сям’ю, яго дзіця вырасла з малечы дзіцячага садка ў падлетка.

Пакінуўшы клетку, галоўны герой наадрэз адмовіўся фатаграфавацца. За паўтара месяца, пакуль разглядалі справу, ён адпусціў бараду.

— У ІЧУ не было ўмоваў, каб пагаліцца, — кажа ён мне.

Адвакатка Наталля Семашкевіч жартуе, што цяпер ужо яе былы падабаронны стаў падобны да вязня замка Iф.

— Я ў шоку, — гэта першыя словы Аляксандра Булавіна пасля вызвалення з-пад варты ў зале суда.

— Мы прайшлі ўсе кругі пекла, — запэўнівае яго мама.

Як магчыма, што чалавек адседзеў у турме за злачынства, якога не ўчыняў?

Як успамінае мама Аляксандра Булавіна Людміла Міхайлаўна, у верасні 2002 года Саша адпачываў у рэстаране «Нясвіж» са сваім знаёмым і камандзіровачным. Знаёмага нехта параніў. Праз некалькі гадзін мужчына памёр у бальніцы. «З майго сына выбілі яўку з павіннай супрацоўнікі міліцыі», — кажа суразмоўца.

— Мы моцна п’яныя былі ўсе ўтрох, — дадае сам Аляксандр Булавін. — Коля выйшаў на вуліцу, а калі вярнуўся, на яго кашулі была кроў. Прапанавалі яму «хуткую» выклікаць, але ён адмовіўся. Сыходзіў ён з рэстарана праз чорны ход. Казаў: «Баюся, што мяне дарэжуць».

Праз некалькі гадзін пасля таго, як мы разышліся, па мяне прыехалі супрацоўнікі міліцыі і забралі. Я ўвогуле не разумеў, чаго яны хочуць. Мне было сказана: «У рэстаране вы адпачывалі ўтрох. Нікога не было. Ці ты, ці камандзіровачны забіў. Прапанавалі напісаць, што гэта іншагародні чалавек забіў. Я адразу адмовіўся.

Потым цягам сутак з мяне выбівалі прызнальныя паказанні. Пад іх дыктоўку я і напісаў яўку з павіннай.

Як тлумачыць мама Сашы Булавіна, яе сын баяўся, што міліцыянты зробяць яго інвалідам:

— Яго збівалі, а ў яго чатыры пераломы ў дзяцінстве было. Пяцігадовым дзіцем пасля пералому пазваночніка ён доўга ляжаў у гіпсе. Мы яго зноўку вучылі хадзіць…

Суд Нясвіжскага раёна прызнаў Аляксандра Булавіна вінаватым у забойстве і асудзіў на 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму.

Усе гэтыя гады асуджаны, яго бацькі і адвакаты пісалі скаргі.

Па словах адвакаткі, загадчыцы юрыдычнай кансультацыяй Клецкага раёна Наталлі Семашкевіч, разам з калегам Пятром Бірулёвым за гэтыя гады яны прайшлі ўсе інстанцыі па некалькі разоў — да Вярхоўнага суда і Генеральнай пракуратуры.

31 студзеня 2011 намеснік генпракурора вынес пратэст на прадмет скасавання прысуду. У выніку справа была адпраўленая на новы разгляд.

— Я працавала з Сашам з 3 кастрычніка 2002 года. З першага дня нашага знаёмства ён запэўніваў, што не вінаваты ў забойстве, — расказвае «Салідарнасці» Наталля Семашкевіч. — Памятаю, як на трэція суткі пасля затрымання прымусіла падабароннага распрануцца, таму што заўважыла яго неадэкватныя паводзіны. Калі я ўбачыла яго збітыя сінія ногі, мы звярнуліся са скаргай у пракуратуру. З цяжкасцю дамагліся, каб судмедэксперт агледзеў. Былі зафіксаваныя цялесныя пашкоджанні. Час іх утварэння адпавядаў часу знаходжання ў ІЧУ. У скарзе Саша назваў канкрэтных людзей, якія яго збілі. Але пракуратура Нясвіжскага раёна адмовіла ў распачынанні крымінальнай справы на падставе таго, што не было даказана, што менавіта гэтыя асобы збівалі.

— Некаторыя супрацоўнікі, якія выбілі з Сашы яўку з павіннай, дагэтуль працуюць у Нясвіжскім РАУС. Праўда, на іншых пасадах,
 — удакладняе мама Аляксандра Булавіна.

Дадамо, што ў судзе факт збіцця даказаны не быў.

— Усе гэтыя гады мы працавалі з Сашам, разумеючы, што чалавек невінаваты, — працягвае адвакат. — З аднаго боку, мы спадзяваліся, што праўда пераможа. З іншага — не маглі паверыць, што насамрэч можна даказаць яго невінаватасць, таму што былі яўка з павіннай, допыт падазраванага і праверка паказанняў на месцы. Але ўсе гэтыя тры доказы абвінавачання, на думку абароны, не могуць быць дакладнымі. Самым недарэчным было парушэнне элементарнага права на абарону. Чалавек быў затрыманы па падазрэнні ва ўчыненні асабліва цяжкага злачынства, а дапытваўся як сведка. Гэта значыць, практычна ён меў права не даваць паказанні, роўна як ніхто і прымушаць яго да гэтага не мог. А ён дапытваўся як сведка з папярэджаннем аб крымінальнай адказнасці. Калі яго забралі з дому ноччу, не было працэсуальнага афармлення, а з’явіўся нейкі дакумент — адміністрацыйнае затрыманне. Не было паказана, калі, кім ён быў дастаўлены.

Паводле словаў Сашы, версію яму прапанавалі работнікі міліцыі: пацярпелы нанёс яму ўдар, і ён у адказ дастаў з кішэні нож і ўдарыў яго ў вобласць сэрца. Яму тлумачылі: калі ты будзеш такую пазіцыю займаць, табе будзе «хімія», а калі не — вас было трое. Адзін загінуў, камандзіровачны спаў, застаўся толькі ты.

Апытаныя былі ўсе работнікі рэстарана. Згодна з іх сведчаннямі, кампанія сядзела ціха, мірна і спакойна. Такім чынам, матыў абвінавачання ніхто са сведкаў не пацвердзіў.

Падчас адбыцця пакарання адміністрацыя калоніі пераконвала Булавіна прызнаць віну і заплаціць па позвах аб кампенсацыі маральнай і матэрыяльнай шкоды сям’і загінулага.

— Больш за тое, у яго было права на датэрміновае вызваленне, калі б ён пазовы пагасіў. Але Саша казаў: я невінаваты. І ўсе гэтыя гады даказваў, што невінаваты, — расказвае адвакат. — А ў гэты час сапраўдны забойца быў на свабодзе. Паводле рашэння суда крымінальная справа аб забойстве накіраваная пракурору Нясвіжскага раёна для правядзення дадатковага расследавання. Але за даўнасцю злачынства знайсці забойцу малаверагодна.

Аляксандр Булавін пакуль не ведае, як будзе жыць далей.

— Гады, праведзеныя ў турме, мне ніхто не верне,
 — кажа ён. — Я вынес з гэтай гісторыі некалькі важных урокаў у жыцці. Цяпер у мяне ёсць галоўнае — свабода.

Паводле закону пасля таго, як рашэнне суда ўступіць у сілу, ён мае права на рэабілітацыю і можа прад’явіць дзяржаве пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды.

Дарэчы, гэта не першы выпадак, калі суддзя Наталля Халадок вынесла апраўдальны прысуд абвінавачанаму ў забойстве. 11 мая 2010 года ў Слуцкім судзе быў апраўданы 19-гадовы жыхар Салігорска ў сувязі з адсутнасцю ў яго дзеяннях складу злачынства. Абвінавачаны быў вызвалены з-пад варты ў зале суда пад апладысменты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?