Новыя гарадскія легенды ці псіхалагічная вайна спецслужбаў?

Брэсцкі журналіст Алесь Ляўчук апісвае гісторыю, пачутую ў часе вулічнага апытання. Жанчына ў маршрутцы пачала крытыкаваць Лукашэнку. Мужык, які сядзеў побач, паказаў ёй пасведчанне супрацоўніка КДБ і вывеў з машыны. І больш яе ніхто не бачыў.

У Горках расказваюць іншую гарадскую легенду. Хтосьці па тэлефоне кепска гаварыў пра Лукашэнку. А потым атрымаў sms-кай паведамленне, што на ягоным рахунку запазычанасць у 2 мільёны.

Падобныя байкі, якія ўкладваюцца ў схему «кепска казаў пра Лукашэнку — дрэнна скончыў», з’яўляюцца па ўсёй краіне. І іх завостранасць на непазбежнай кары за крытыку на адрас улады наводзяць на пэўныя думкі. Ствараецца ўражанне, што на тле пагаршэння эканамічнага становішча падобныя чуткі распаўсюджваюцца з мэтай адбіць ахвоту крытыкаваць. Распаўсюджванне чутак — для спецслужбаў рэч не новая, разважае паспаліты чалавек: напрыклад, КГБ СССР, як пішуць даследчыкі, такое практыкаваў.

Чымсьці з’яўленне «легенд» нагадвае сітуацыю з красавіцкім выбухам у метро, калі на наступны дзень пасля тэракта ў інтэрнэце і па тэлефонах пачалі разыходзіцца чуткі пра выбухі ў грамадскім транспарце. Тады ў прэсе з’явілася паведамленне пра надзвычай аператыўнае затрыманне некалькіх «распаўсюднікаў правакацыйных чутак, што сеялі ў Мінску паніку». Нібыта іх змясцілі ў СІЗА і ім пагражала крымінальная адказнасць. Але потым пра лёс затрыманых больш не паведамлялі, а вось хваля чутак хутка спала. Гэта дала нагоду думаць, што нікога магчыма і не затрымлівалі…

Калі гэта і быў адмысловы «ўкід» інфармацыі, яго можна было яшчэ вытлумачыць неабходнасцю перадухіліць масавую паніку пасля жудаснай трагедыі ў метро. Іншая рэч — выкарыстоўваць чуткі, каб запалохаць абураных беларусаў.

Зрэшты, такія «гарадскія легенды» могуць з’яўляцца і без усякіх інспірацый ва ўмовах рэпрэсій за палітычныя перакананні і адсутнасці свабоды слова ў краіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?