2 чэрвеня кіраўніцтва піўзавода «Аліварыя» правяло прэс-канферэнцыю, прысвечаную найноўшым дасягненням прадпрыемства, а таксама з’яўленню новай фірмовай формы пляшкі для гатункаў піва сярэдняга коштавага сегменту.
Аднак генеральнаму дырэктару прадпрыемства, Міхаілу Чэчэневу, і намесніку генеральнага дырэктара па маркетынгу, Надзеі Дэшкавец, прыйшлося расказаць журналістам і менш прыемныя навіны.

Міхаіл Чэчэнеў, які з’яўляецца таксама кіраўніком савета гільдыі півавараў Беларусі, паведаміў, што ад першага чэрвеня кошт піўнога соладу павялічыўся прыкладна на 30% і гэта непазбежна паўплывае на рост цэнаў на прадукцыю беларускіх бровараў. Кіраўнік «Аліварыі» таксама зазначыў, што плануемая інфляцыя за 2011 год складзе каля 35%, што, у сваю чаргу, таксама акажа ўплыў на павелічэнне кошту прадукцыі гэтага беларускага бровара.

Другая нярадасная навіна для беларускіх півавараў — распрацоўка новага закону аб рэкламе, які можа істотна ўскладніць жыццё маркетолагам беларускіх вытворцаў піва. Закон пакуль толькі прапрацоўваецца, але ужо прадугледжвае самыя радыкальныя меры — уключна з поўнай забаронай на рэкламу піва.

«Спадзяюся, што да скрайнасцяў не дойдзе. Мы стараемся прымаць удзел у распрацоўцы новага закону, кантактуем у гэтай справе з парламентарамі», — паведаміў журналістам М.Чэчэнеў.

Свой адбітак на піўны бізнэс наклаў і валютны крызіс. Генеральны дырэктар «Аліварыі» паведаміў, што «Аліварыя» «не стала зніжаць коштаў на сваю прадукцыю, якая адпраўляецца на экспарт (у першую чаргу ў Санкт-Пецярбург, Маскву, на Урал, у Растоў).

Экспарт для нас зараз жыццёва неабходны — гэта крыніца валюты. Уладальнікі („Аліварыя“ належыць Carlsberg Group) з разуменнем ставяцца да сітуацыі, якая склалася ў Беларусі.
Гэта не выклікае энтузіазму, але і панікі таксама няма. Мы стараемся прыстасавацца да новых умоваў».

Кіраўніцтва «Аліварыі» таксама прызнала, што ва ўмовах эканамічнага крызісу беларусы могуць іначай расходаваць свой бюджэт.

«Піва ў склаўшайся сітуацыі можа стаць менш прывабным. У сувязі з гэтым мы спадзяемся на спякотнае лета,
якое заўсёды станоўча ўплывае на продажы нашай прадукцыі. Прыкладам гэтага можа быць мінулы год, калі забарона на распіццё піва на вуліцах нівелявалася спякотным надвор’ем», — зазначыла Надзея Дэшкавец.

Вяртаючыся да асноўнай тэмы прэс-канферэнцыі, варта зазначыць, што ўжо ў бліжэйшыя дні піва старэйшага беларускага бровару можна будзе набываць у новых пляшках. Яны распрацаваныя галандскай фірмай Cartils і, на думку маркетолагаў «Аліварыі», павінны пазітыўна паўплываць на рост папулярнасці брэнду. Новыя пляшкі маюць больш зручную форму, стылёвыя этыкеткі і цісненне. Вырабляюцца ў Беларусі і, паводле кіраўніцтва кампаніі, каштуюць столькі ж, колькі і старыя, значыць не акажуць уплыву на кошт прадукцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?