Cуд прыбраў некаторыя тэндэнцыйныя фармулёўкі з вызначэння Вышэйшага гаспадарчага суда ад 27 красавіка.

У «Народнай волі» 2 чэрвеня быў чарговы суд. Выданне абскарджвала «вызначэнне» Вышэйшага гаспадарчага суда (ВГС) ад 27 красавіка — аб прыняцці да разгляду зыску Мінінфармацыі наконт закрыцця выдання.

У выніку суд прыбраў некаторыя тэндэнцыйныя фармулёўкі, але ўсё роўна будзе разглядаць зыск супраць выдання.

«Мы азнаёміліся з гэтым „вызначэннем“ намесніка старшыні Вышэйшага Гаспадарчага суда сп-ра Ягорава і ўбачылі там фармулёўкі, якія ставяць пад сумнеў аб’ектыўнасць і справядлівасць будучых рашэнняў па нашай справе», — распавёў прэс-службе ГА «БАЖ» прадстаўнік інтарэсаў выдання ў судзе, намеснік старшыні Беларускага Хельсінкскага Камітэту Гары Паганяйла.

У прыватнасці, у дакуменце гаварылася пра «сістэматычны характар парушэнняў заканадаўства» з боку газеты і пра тое, што яе далейшы выхад можа «нанесці шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам».

«Народная воля» абскардзіла «вызначэнне» ў касацыйным парадку, настойваючы на яго адмене і на перадачы справы ў Гаспадарчы суд г. Мінска.

Сёння калегія ВГС пагадзілася з заўвагай наконт некарэктнасці некаторых фармулёвак і выключыла іх з дакумента, але само «вызначэнне» пакінула ў сіле і ў веданні сваёй установы. Тым не менш, спадар Паганяйла лічыць гэта «маленькай перамогай» — на яго думку, калегія фактычна прызнала неаб’ектыўны падыход некаторых суддзяў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?