Бюджэтнікам пачалі выплачваць індэксацыі да заробкаў. Па 40 тысяч рублёў.

У рэдакцыю «Нашай Нівы» прыйшоў ліст ад чытача з Брэсцкай вобласці. Ён піша, што працуе ў бюджэтнай арганізацыі, ягоная жонка таксама. На днях атрымалі разліковыя лісты. Яны — работнікі сферы культуры і адукацыі. Аказалася, што абаім да заробку налічылі індэксацыю ў памеры 40 000 рублёў. Чытач піша, што індэксацыя гэтая аднаразовая. «На пару ўпаковак туалетнай паперы хопіць!» — іранізуе ён. Іншы падпісчык «НН» з Гродзеншчыны паведаміў, што ім таксама мусяць у бліжэйшы час даплаціць па 40 тысяч рублёў, а ў наступным месяцы нібыта ажно па 130 тысяч.

Нагадаем, што пра індэксацыю заробкаў у сувязі з ростам цэнаў нядаўна заявіла міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна. Паводле яе, гэта прадугледжана законам аб індэксацыі прыбыткаў, згодна з якім індэксацыя выплачваецца ў выпадку росту цэнаў больш чым на 5%. Памер індэксацыі залежыць ад бюджэту пражытковага мінімуму. Беларусам пачалі выплачваць кампенсацыю ў лютым, тады яна складала каля 15 тысяч рублёў. Цяпер, з улікам росту БПМ, памер індэксацыі складае каля 25 тысяч. У суме маем трошкі больш за 40 тысяч. Па курсе Нацбанка на сёння гэта складае каля 8 даляраў.

Тым часам, сярэдні заробак беларусаў у красавіку 2011 года склаў каля 317$ (у снежні 2010-га — 475$). Такім чынам, грашовыя страты сярэдняга беларуса ад падзення заробкаў амаль у 20 разоў перавышаюць прапанаваную дзяржавай індэксацыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?