Інтэрнэт-актывісты прапанавалі зладзіць «рэвалюцыю праз сацыяльную сетку».

Так называецца група «Вконтакте», ідэйныя натхняльнікі якой заклікалі незадаволеных сітуацыяй, якая склалася ў краіне, выйсці 1 чэрвеня на галоўныя плошчы гарадоў.

Інфармацыя пра тое, што ў краіне наспявае «рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» да мяне дайшла выпадкова праз калегаў за некалькі гадзін да першай несанкцыянаванай акцыі. Як абвяшчаў тэкст «маніфэсту», размешчаны ў «Вконтакте»,

1 чэрвеня а 19.00 пратэстоўцам неабходна было сабрацца на галоўнай плошчы горада -- таго, у якім яны пражываюць.

Падступны план «перавароту»

быў геніяльна просты: прыйсці самім, паклікаць сяброў і да 19.30 «знаходзіцца на гэтай плошчы» і «проста гуляць».
Проста стаяць: без сцягоў, транспарантаў і сімволікі. Выйсці і ўсё. Гучала інтрыгавальна і прывабна. Вырашыў схадзіць і я.

Прыйшоў на плошчу Леніна ў Брэсце я загадзя. Журналісцкі нюх не падвёў.

Тут ужо тоўпіўся народ: мамы - з каляскамі, дзеці - у фантане, бабулі і дзядулі - на лаўках і Уладзімір Ільіч - на пастаменце.
Усе дзейнічалі строга паводле плана: ні сцягоў, ні значкоў, ні транспарантаў з антыўрадавымі лозунгамі. Нічога.
Падазрэнне выклікаў толькі бел-чырвона-белы

водны пісталецік ў руках сямігадовага хлопчыка. Ах так, падцягнуліся сюды з той жа мэтай яшчэ і трое калегаў.

Роўна а 19-й на плошчы з'явіліся і прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці, праўда, у вельмі абмежаваным складзе. Такім чынам, па маіх падліках, колькасць людзей, якія выйшлі на плошчу свядома, а не «апынуліся ў гэтым месцы ў непатрэбны час»,

дасягнула 9 чалавек.
Калі браць у разлік яшчэ і тых, хто па знешніх прыкметах быў падобны на «маўклівых дэманстрантаў»,
то лічба, магчыма, магла б вырасці да 12.

Журналісты і дэмакраты аб'ядналіся і сталі ў гурток.

Як і належыць, выстаялі да 19.30, пасля чаго разышліся.

У інфармацыі, размешчанай на старонцы групы, паведамляецца, што такія несанкцыянаваныя мерапрыемствы плануецца праводзіць штотыдзень,

пакуль на плошчы не збярэцца 1 000 чалавек.
Тады «гэта будзе знак таго, што можна прыступаць да больш актыўных дзеянняў».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?