Сёньня Цэнтральны суд Менску мае разгледзіць пытаньне аб умоўна‑датэрміновым вызваленьні палітвязьня Цімоха Дранчука. Нагадаем, наглядная камісія папраўчай калёніі ў Менску на вуліцы Кальварыйскай рэкамэндавала Цімафея Дранчука на ўмоўна‑датэрміновае вызваленьне. Цяпер рэкамэндацыю мусіць разгледзіць суд.

Якія шанцы мае палітзьняволены? З гэтым пытаньнем мы зьвярнуліся да прадстаўніка нагляднай камісіі Георгія Козела, аднак ён адмовіўся даваць нейкія тлумачэньні.

Козел: «Камісія прымае рэкамэндацыйнага пляну рашэньне. А хто прымае рашэньне? Суд. Пытаньні да суду, калі ласка. Камісія адпаведнае рашэньне прыняла. І перадала па інстанцыі».

У Цэнтральным судзе пацьвердзілі, што справа будзе разглядацца, але зноў жа – без камэнтараў.

Актывіста «Партнэрства» Цімафея Дранчука пакаралі годам зьняволеньня за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Ад 21 лютага яго трымаюць пад вартай. Бацька Цімафея Валеры Дранчук спадзяецца на станоўчае рашэньне.

Дранчук: «Бацькоўскае спадзяваньне, што я ўбачу сына да першых Калядаў, да 25‑га. І спадзяюцца ўсе нашы сваякі, бо 25‑га да таго ж гэта яшчэ і 80 гадоў у бабулі, якую Цімох вельмі любіць і якая яго чакае, чакае, што Цімафей яе павіншуе з волі. Я спадзяюся на тое, што Ціма сам зможа яе павіншаваць».

Чакае Цімафея і сын Платон, якому ўсяго 8 з паловай месяцаў.

Дранчук: «Платон вельмі чакае бацьку, а бацька вельмі хвалюецца, што так сталася, што з дня нараджэньня ня бачыў яго, не трымаў на руках. Вось гэта эпізод ва ўсёй гэтай справе вельмі кранальны і балючы для нас. Я думаю, што гэта ў рэшце рэшт самае хвалюючае, прыемнае і радаснае, што бацька сустрэнецца з сынам, маім унукам Платонам».

Цімафея Дранчука затрымалі супрацоўнікі КДБ 21 лютага, у дзень народзінаў ягонай жонкі Вольгі Анцыповіч. У кватэры зрабілі ператрус і забралі ўсе носьбіты інфармацыі. Разам зь Цімафеем за краты сьледчага ізалятару трапілі Мікола Астрэйка, Эніра Браніцкая й Аляксандар Шалайка. Эніру і Аляксандра пакаралі зьняволеньнем на шэсьць месяцаў, Міколу Астрэйку — на два гады, а Цімафея прысудзілі да году пазбаўленьня волі. Эніра Браніцкая й Аляксандар Шалайка выйшлі на волю ў жніўні. Лідэру арганізацыі «Партнэрства» Міколу Астрэйку 17 лістапада зьняволеньне замянілі на папраўчыя работы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?