Брытанская газета Financial Times выступіла ў падтрымку выдзялення Міжнародным валютным фондам крэдыту для Беларусі.

«Без заходняй падтрымкі ўраду ў Мінску не будзе да каго звярнуцца, акрамя Расіі. Аднак Крэмль акажа дапамогу толькі ў тым выпадку, калі Беларусь прадасць некаторыя са сваіх найболей каштоўных дзяржаўных актываў, такіх як газатранспартная сістэма, два нафтаперапрацоўчыя заводы, асноўны аператар сотавай сувязі і вытворца калійных угнаенняў», — гаворыцца ў рэдакцыйным артыкуле, апублікаваным 2 чэрвеня.

Гэта, мяркуе Financial Times, пагражае беззваротным зыходам Беларусі ў сферу геапалітычнага і эканамічнага ўплыву Расіі ці поўнай стратай Беларуссю незалежнасці. Акрамя таго,

«гэта стане вельмі трывожным прэцэдэнтам для іншых былых савецкіх рэспублік, якія некалі знаходзіліся пад кантролем Масквы»,
 — адзначаецца ў артыкуле.

Паводле меркавання рэдакцыі Financial Times, Аляксандр Лукашэнка з’яўляецца «непрымальнай асобай посткамуністычнай Еўропы» і спалучае «страшныя палітычныя рэпрэсіі з некампетэнтнасцю ў фінансавых пытаннях».

Выдзяленне Беларусі крэдыту паставіць заходнія ўрады ў дзіўнае становішча: з аднаго боку, яны ўводзяць санкцыі, а з іншага — аказваюць фінансавую падтрымку, адзначае выданне. Аднак, калі МВФ упэўнены, што ён можа паспяхова прымусіць Беларусь выконваць умовы выдачы крэдыту, тады гэта правільны курс дзеянняў, падкрэсліваецца ў артыкуле.

«Рэжым Лукашэнкі не будзе існаваць вечна,

і заходнія краіны маюць доўгатэрміновую зацікаўленасць у падтрымцы свабоды Беларусі. Праграма МВФ, правільна распрацаваная і ажыццёўленая, дапаможа ў рэалізацыі гэтай мэты», — піша Financial Times.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?