Па развале сацыялістычнага блока Венгрыя была самай падрыхтаванай да новых рэалій краінай рэгіёна. Венгры яшчэ ў 1982 годзе далучыліся да Міжнароднага валютнага фонду. Разам з Польшчай і Чэхіяй Венгрыя была першай сярэднееўрапейскай дзяржавай, што стала сябрам НАТА і Еўрасаюза. Краіна ішла на першым месцы ў рэгіёне па колькасці замежных інвестыцый.

 Антыцыганская дэманстрацыя ў Будапешце.

Антыцыганская дэманстрацыя ў Будапешце.

 Віктар Орбан

Віктар Орбан

Перасядзем з «Жыгулёў» на «Фальксвагены»

Тым не менш, за першай эйфарыяй ад дэмакратыі, ад далучэння да ЕС, прыйшло і першае расчараванне. «Людзі чакалі цудаў. Яны лічылі, што розніца паміж Венгрыяй і Аўстрыяй толькі ў тым, што мы ў сацыялістычным блоку, а суседзі — у капіталістычным. Здавалася, што мы перасядзем з „Жыгулёў“ на „Фальксвагены“ і ўсе праблемы вырашацца, але цудаў не адбылося. Тыя ж аўстрыйцы працуюць непараўнальна больш, чым мы», — кажа журналіст левай газеты Nepczabadsag («Народная воля») Габар Хорват.

На гэткім фоне ўсё большая колькасць людзей пачынае адчуваць настальгію па часах сацыялізму.

«Яны кажуць, што тады не было беспрацоўя, не было галодных, не было бамжоў, не было праблемаў з цыганамі. Нават калі працы не было, то людзі ўсё адно былі нечым занятыя. З усходніх абласцей Венгрыі, дзе працоўныя месцы ў дэфіцыце, людзей вазілі ў Будапешт, а ў пятніцу вечарам адвозілі назад. Ад людзей не патрабавалася ніякай ініцыятывы. Калі апытаць венграў сёння, то многія б хацелі вярнуцца ў тыя часы», — працягвае спадар Хорват.

Дзіўна, што выразнікам такіх пачуццяў у венгерскім грамадстве апынуліся не сацыялісты, а нацыянал-кансерватыўная партыя ФІДЭС. На леташніх выбарах ФІДЭС разам з хрысціянскімі дэмакратамі атрымала 68% месцаў у парламенце, што дае партыі амаль неабмежаваную ўладу ў краіне.

Харызматычны Орбан

Лідар партыі Віктар Орбан пачынаў рабіць палітычную кар’еру ў 26-гадовым узросце. Агульнадзяржаўную вядомасць яму прынёс выступ на перапахаванні лідара Будапешцкага паўстання 1956 года Імрэ Надзя.

Орбан запатрабаваў правесці свабодныя выбары ў краіне і вывесці з Венгрыі савецкія войскі.

З таго моманту яго кар’ера няўхільна ішла ўгару. На першых вольных выбарах ён робіцца дэпутатам парламента, потым узначальвае ФІДЭС. У 1998 г. Орбан стаў прэм’ер-міністрам Венгрыі.

Кансерватар Орбан праводзіў сацыяльную палітыку. За час ягонага прэм’ерства ў краіне была адмененая платная адукацыя ва ўніверсітэтах, адноўленыя льготы для мацярок, зніжаліся падаткі. Тым не менш, ужо тады апазіцыя абвінавачвала прэм’ера ў аўтарытарных замашках.

Двое наступных выбараў ФІДЭС прайграе сацыялістам. Апошні тэрмін прэм’ера Ферэнца Дзюрчаня супаў з сусветным эканамічным крызісам. Не мог ён не адбіцца і на Венгрыі. Гэта і тлумачыць такія вынікі выбараў. Апроч поспеху ФІДЭС і хадэкаў, трэба адзначыць абсалютна фантастычны вынік антыцыганскай, крайнеправай партыі з не вельмі прыстойнай для славянскага вуха назвай «Йобік» (скарачэнне ад «За лепшую Венгрыю»).

Яны абсалютна ўпэўнена адужалі пяціпрацэнтны бар’ер, узяўшы ў парламенце амаль 50 месцаў.

Вядомасць «Йобік» грунтуецца на антыцыганскіх дэманстрацыях, а таксама патрабаванні прызнання тэрміна «цыганская злачыннасць».
Цыганы складаюць 5% ад агульнага насельніцтва Венгрыі. І іх інтэграцыя ў грамадства выглядае сапраўды складанай задачай. Будапештцы, напрыклад, строга не рэкамендавалі нам наведваць вечарам восьмы раён горада, дзе якраз кампактна пражываюць прадстаўнікі гэтай нацыянальнасці.

У справы дзяржаўныя прад-стаўнікі партыі «Йобік» асабліва не лезуць. Такім чынам, апазіцыю ў парламенце прадстаўляе толькі купка сацыялістаў, якая не мае ніякага ўплыву на прыняцце рашэнняў. Суразмоўцы ўвесь час адзначалі, што апазіцыя разрозненая і не хоча размаўляць паміж сабой.

Хрысціянская Канстытуцыя

Цяперашні Орбан зусім не падобны да сябе дзесяцігадовай даўніны. У яго прамовах усё менш лібералізму, затое ўсё болей еўраскептызму. «Орбан кажа, што раней нам дыктавалі палітыку з Вены, з Масквы, цяпер спрабуюць з Брусэля. Гэтага не будзе», — кажа аналітык Дзьёрдзь Варга. Ягоная папулісцкая рыторыка знаходзіць удзячных слухачоў. «Орбан часта кажа, што зараз дзьме вецер з Усходу. Што гэта значыць, мала хто разумее, ці ён мае на ўвазе Расію ці Кітай», — кажа Габар Хорват.

Цяпер адной з галоўных тэмаў для абмеркавання становіцца новая венгерская Канстытуцыя. Адзін з аўтараў прызнаўся, што пісаў дапаўненні на сваім айпадзе па дарозе з Брусэля да Будапешта.

У Канстытуцыі шмат момантаў, якія выклікалі неадназначную рэакцыю ўнутры грамадства. Напрыклад, упершыню ў Канстытуцыі замацоўваюцца хрысціянскія каштоўнасці. «Нас аб’ядноўвае Бог і хрысціянства», — напісана ў венгерскім дзяржаўным дакуменце.

«Гэта дзіўнае спалучэнне на-цыяналізму і хрысціянства. З нас хочуць зрабіць новую Польшчу, — абураецца Габар Хорват. — Нібыта венгры двойчы на тыдзень ходзяць у касцёл. Але гэта абсалютная няпраўда». Выглядае на тое, што ў краіне будуць забароненыя аборты, а шлюбам называецца толькі «саюз паміж жанчынай і мужчынам».

А яшчэ Орбан вырашыў надаць венгерскае грамадзянства ўсім венграм, што жывуць за межамі краіны. Пры гэтым ім не трэба адмаўляцца ад ранейшых пашпартоў. Яны атрымліваюць права голасу на выбарах. «Можа, такім чынам Орбан шукае сваіх выбаршчыкаў за мяжой», — смяецца эксперт Богар Жолт.

«Мы малая нацыя. Нас ніхто не абароніць»

Найбольшае ж абурэнне выклікаў новы венгерскі закон аб СМІ. Паводле яго, друкаваныя выданні, тэлеканалы, радыё могуць атрым-ліваць аграмадныя штрафы за інфармацыю, якая каго-небудзь абражае. Прычым, налічваць іх бу-дзе не суд, а спецыяльная камісія па СМІ. Цікава, што ў яе склад увайшлі выключна прадстаўнікі ФІДЭС.

Натуральна, што апазіцыянеры непакояцца, што гэткім чынам уладная партыя будзе спрабаваць зводзіць рахункі за непажаданыя публікацыі. У сакавіку на вуліцы Будапешта выходзіла больш за 30 тысяч чалавек, пратэстуючы супраць закона.

Тым не менш, прадстаўнікі самой камісіі кажуць, што сачыць яны будуць, каб у газетах не было залішняга гвалту ці разбэшчанасці. «Палітыкі Венгрыі гатовыя абараняць свае інтарэсы, нават насуперак інтарэсам Брусэля. Гэты закон найперш паўплывае на абарону нашых дзяржаўных інтарэсаў, нашай мовы, культуры, традыцый. Хто яшчэ за нас заступіцца? Мы малая нацыя. Трэба прыстасоўвацца да новых выклікаў часу», — гаворыць прадстаўнік гэтай самай камісіі Дзьёрдзь Очка.

Насамрэч новаўвядзенне яшчэ не прымянілася супраць ніводнага тэлеканала, у адносінах да газет яно пачне дзейнічаць толькі з 1 ліпеня. На камерцыйных тэлеканалах нават радыя зменам, бо яны даюць ім большыя выгады з рэкламы. «Не так усё і жудка, у прынцыпе, з гэтым законам мы жывём ад 1996 года. Я здзівіўся, пабачыўшы кампанію крытыкі», — кажа прадстаўнік аднаго з недзяржаўных каналаў, які захацеў застацца неназваным.

«Прыватныя тэлеканалы лічаць за лепшае не ўлазіць у палітычныя тэмы. На грамадскім тэлебачанні ж 85% палітычнага эфіру займаюць прадстаўнікі ФІДЭС. Той жа Орбан адмаўляецца даваць інтэрв’ю апазіцыйным выданням», — кажа Дзьёрдзь Варга.

Закон замацоўвае такі пункт, што сваёй публікацыяй журналіст не можа нікога пакрыўдзіць: ні большасць, ні меншасць. «Але як так можа быць, — абураецца Габар Хорват. — Журналістыка не можа нікога не крыўдзіць. Задумаліся і СМІ, блізкія да ўрада, як яны будуць пісаць пра Дзюрчаня, якога не называюць інакш як здраднік народа».

Некаторыя з экспертаў кажуць, што Венгрыя зноў вяртаецца да панятку дзяржаўных СМІ. «Журналісты гэтых выданняў не пратэстуюць, бо баяцца апынуцца без працы, а ім трэба карміць свае сем’і», — гаворыць Варга.

Як у Беларусі не будзе

Усе гэтыя рэчы робяцца ў краіне, якая цяпер старшынюе ў Еўрасаюзе. Тым не менш, моцных рычагоў уплыву Брусэль на сітуацыю ў Венгрыі не мае. Цікава, што былым ўпаўнаважаным па справах СМІ АБСЕ быў венгр Міклаш Харашці. Ён неаднаразова наведваў Беларусь. Ведае з першых вуснаў аб сітуацыі ў нашай краіне. Дык вось спадар Харашці кажа, што сітуацыя ў Венгрыі складаная, але не крытычная.

«Я не веру, што сітуацыя можа быць падобнай да той, што зараз у Беларусі, — кажа Харашці. —

Орбан не здзейсніць той памылкі, якую робіць Лукашэнка. Яму не трэба героі, не трэба акцыі салідарнасці са СМІ».

Па словах Харашці, сітуацыя больш нагадвае расійскую, калі журналісты вымушаныя сыходзіць у самацэнзуру. «Сённяшні ўрад зробіць усё магчымае, каб гэта самацэнзура захавалася», — кажа Харашці.

«У сваёй бясконцай мудрасці нашы кіраўнікі вырашылі вярнуць нас у 70-я гады. Орбан робіць усё, каб замацаваць сваю ўладу. Ставіць чыноўнікаў, пракурораў на доўгія тэрміны. Яны застануцца нават пасля таго, калі ён раптам прайграе наступныя выбары», — гаворыць Габар Хорват.

Вось у што выліваецца венгерская настальгія. Некаторыя аглядальнікі паспяваюць назваць гэта вяртаннем у аўтарытарныя часы, але абсалютна не верыцца, што ў сённяшняй Еўропе гэта будзе магчыма. Апошнія дзесяцігоддзі венгерская грамадзянская супольнасць мацнела. І ў выпадку чаго яна бу-дзе гатовая даць адпор. Орбан грае на папулярных ідэях, каб атрымаць палітычную выгаду. Але, здаецца, нават у яго няма думак стаць другім еўрапейскім дыктатарам.

***

Аўтар дзякуе прадстаўніцтву Еўракамісіі за дапамогу ў напісанні гэтага матэрыялу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?