05.06.2011 / 10:11

Разведчыкі і «калабаранты»: беларусы за беларусаў з гісторыі Беларусі 50

Як суайчыннікі па розныя бакі барыкад заставаліся салідарнымі. Піша Анатоль Сідарэвіч.

Як суайчыннікі па розныя бакі барыкад заставаліся салідарнымі.

Так і не папытаўся ў Янкі Брыля, як звалі таго начальніка разведкі і якую разведку ён узначальваў: партызанскага атрада ці брыгады. Так і не спытаў: колькі чалавек звычайна выпраўлялася ў разведку — пяць, шэсць, болей?

Ведаю, што выпраўляліся конна. Наперадзе адзін чалавек. За метраў пяцьдзясят ад яго другі. Потым — метраў праз дваццаць — асноўная група. І замыкаючы.

Рагулеўцы спачатку, мусіць, не ведалі гэтае хітрасці.

(Дарэчы, словы «Рагуля» і «рагулеўцы» я першы раз пачуў, здаецца, у сёмым класе. Віктар Парамонавіч Жагора, сам чалавек наваградскі, апавядаў пра іх у Тамашоўцы Брэсцкага раёна. Апавядаў, што надта добрыя сёдлы былі ў швадроне Барыса Рагулі: калі зрэзаць скуру з сядла, атрымлівалася моцная падэшва для чаравікаў ці ботаў. Задача падлеткаў была ў тым, каб прыпільнаваць момант, калі тую скуру можна зрэзаць.)

Дык вось, рагулеўцы спачатку, мусіць, не ведалі, як група разведчыкаў выпраўляецца на заданне. Іван Брыль ехаў наперадзе. І рагулеўцы, якія сядзелі ў засадзе, мабыць, палічылі, што ён адзін. Хоць і была ноч, яны, хлопцы тутэйшыя, без цяжкасці пазналі вершніка. Ды як не пазнаць, калі на кані сядзіць дзяцюк zwei Meter gross, як кажуць немцы? А пазнаўшы, адзін з іх гукнуў, аж рэха панесла:

— Ванька! Брыль! Здавайся!

— Конь у мяне быў добры, — успамінаў Янка Брыль...

(Тут зноў адступленне. Пра сваіх партызанскіх і дапартызанскіх коней Янка Брыль напісаў у эсэ «Косю мой, косю...». Але ў тым эсэ згадваецца Каштан і няма Каштанкі, пра якую, зрэшты, пісаў не раз. Напрыклад, у зборніку «Парастак» — як яна, не любячы звону бомаў, дадумалася бегчы так, каб тыя бомы не звінелі.)

Добры конь умэнт павярнуўся на сто восемдзесят і так уратаваў жыццё гаспадару.

Слёзы Якуба Міско

У партызанскага разведчыка Янкі Брыля былі сябры — вайсковыя разведчыкі. Пра аднаго з іх — Фёдара Янкоўскага — я пісаў. А другога звалі Якуб Міско. Ён працяглы час працаваў у «Сельской газете», якая цяпер мае недарэчны назоў: «Белорусская нива». Не-дарэчны таму, што амаль гэтак — «Беларуская ніва» — называлася газета ў Заходняй Беларусі, і была тая газета сапраўды беларускаю.

Ды вернемся да Якуба Міско. У Беларускай Энцыклапедыі ёсць артыкулы і пра яго, і пра ягоных землякоў — цёзак па прозвішчы: аграрыя Андрэя Васільевіча ды скульптара Івана Якімавіча. Яны, як і Якуб Герасімавіч, — з вёскі Чамярын былога Слонімскага павета. Вёска знакамітая тым, што за Польшчаю там быў моцны беларускі асяродак. І вязняў у польскія турмы яна дала нямала. У ліку вязняў быў і Якуб Міско, з якога вельмі кпіў былы ягоны таварыш па польскіх турмах, а потым эмігрант і рэдактар газеты «Беларускі голас» у Канадзе Сяргей Хмара: маўляў, змагаўся з палякамі за беларушчыну, а сам у сваёй «Сельской газете» займаешся русіфікацыяй.

Я не ведаў гэтага чалавека асабіста. А ягонае жыццё надаецца для твора аб драме заходнебеларускага хлопца, які аднойчы паверыў у камунізм.

Затлуміўшы юнаку галаву, камуністы — і ў першы чарод Ігнат Дварчанін — не далі яму завяршыць вучобу ў гімназіі. Зрэшты, не яму аднаму — Максім Танк і Валянцін Таўлай таксама не атрымалі атэстат сталасці «дзякуючы» старэйшым таварышам, якія ахвотна падстаўлялі моладзь пад удары дэфензівы.

Якуба Міско мусілі (падкрэсліваю: мусілі) адлічыць з Віленскай беларускай гімназіі за актыўны ўдзел у вучнёўскім страйку, наладжаным у першы дзень апеляцыйнага працэсу ў справе Сялянска-Работніцкай Грамады (29 лютага 1929 г.). Як і Валянцін Таўлай, ён працаваў у камуністычным друку, не адзін раз трапляў за краты. Перажыў шок, калі Масква распусціла Камуністычную партыю Заходняй Беларусі. Калі ж у Заходнюю Беларусь прыйшлі саветы, перажыў сапраўдны стрэс: «вызваліцелі» кінулі яго, былога падпольшчыка, у турму. Добра, што ненадоўга.

На фронце Якуб Міско служыў у разведцы. Даслужыўся да маёра. З «іканастасам» на грудзях вярнуўся ў родны кут. І зноў яго чакаў удар. Пакуль ён ваяваў за савецкую ўладу, гэтая ўлада выслала яго родных на ўсход: бацьку Якуба Міско — Герасіма — чамяроўцы выбралі солтысам, і савецкая ўлада належным чынам расправілася з «калабарантам». Янка Брыль напісаў, як ягоны сябар Якуб, дазнаўшыся пра высылку родных, біўся ў рыданнях...

Калі я вывучаў гісторыю таго знакамітага страйку ў Віленскай гімназіі, Янка Брыль даў мне пасмяротны зборнік твораў Якуба Міско з успамінамі. Пра той страйк, арганізаваны з падказкі Ігната Дварчаніна, мемуарыст успамінаў як пра гераічны ўчынак і згадваў, як яны, камсамольцы-гімназісты, смяяліся з Антона Луцкевіча, які, сам падсудны, прыехаўшы ў гімназію, угаворваў іх апамятацца, бо палякі, карыстаючы з моманту, могуць гімназію зачыніць. Луцкевіч, згадваў Якуб Міско, плакаў, а яны, камсамольцы, выпусцілі насценгазету, у якой Луцкевіча высмеялі.

Ці быў Якуб Міско шчыры ў сваёй бравадзе? Як бы ён паводзіў сябе ў гарбачоўскую перабудову і пазней, калі стала вальней дыхаць і гаварыць? На гэтыя пытанні няма адказу. Доктар Арсень Ліс, які трохі ведаў Якуба Міско, спаслаўся як на прыклад на Уладзіміра Калесніка, чалавека на 11 год маладзейшага за Якуба Міско і перад уладай «чыстага». Прафесару Калесніку — гэта сведчу і я — цяжка было пераадолець камуністычныя стэрэатыпы і звычкі.

Агент сярод паэтаў

Нядаўна Арсень Ліс пераказваў мне чутае ад яшчэ аднаго камуніста — Максіма Танка. Як ён, Максім Танк, ідучы ў 1944 годзе з фронтам на Захад, скарыстаў з магчымасці і заскочыў у Вільні да ксяндза Адама Станкевіча. (З дзённіка айца Адама можна даведацца, калі гэта было: 27 ліпеня.) Выходзячы з кватэры ксяндза, паэт сутыкнуўся з пэўным суб’ектам, якога надта цікавіла, што робіць савецкі афіцэр у святара. Максім Танк сунуў яму пад нос пасведчанне карэспандэнта франтавой газеты і пайшоў сваёй дарогай.

Што за айцом Адамам сачылі, тое не навіна. Навіной было б, калі б за ім не сачылі.

Што ў айца Адама бывалі камуністы — тое занатавана і ў яго дзённіку. Але дзённік вёўся нерэгулярна і не ўсё натавалася. Ведаю з вусных апавяданняў Янкі Брыля, што госцем у ксяндза Станкевіча не раз і не два бываў камуніст-падпольшчык Валянцін Таўлай. Ад айца Адама ён прывёз у наваствораны музей Янкі Купалы рукапіс «Паўлінкі» ды іншыя аўтографы.

Мне цікава: ці падбягаў той суб’ект і да Валянціна Таўлая, ці патрабаваў дакумент? І што паказваў ці казаў яму паэт?

З Таўлаем таксама гісторыя. Пра тое, з якімі цяжкасцямі ішла ў друк ягоная першая кніга, як яе рэдагавалі, як памянялі яе загаловак — пра тое напісаў, зноў-такі, Янка Брыль. Бо і з Таўлаем пісьменнік паспеў пасябраваць. Уладзімір Калеснік сведчыў, што іх часта можна было бачыць разам — рослага Янку Брыля і невысокага Валянціна Таўлая.

Дык што ж паказваў ці казаў Валянцін Таўлай чэкісцкаму цэрберу, які пільнаваў уваход у кватэру ксяндза Адама Станкевіча? Пытанне не пустое: як вядома, у час вайны паэт працаваў на савецкую вайсковую разведку. Была такая спецгрупа «Буравеснік», вось у ёй і служыў Валянцін Таўлай. У канцы чэрвеня 1944 года, калі збіраецца і працуе ІІ Усебеларускі кангрэс, мы бачым яго ў Мінску. У літаральным значэнні гэтага слова бачым, бо захаваліся (здаецца, два) фотаздымкі, на якіх Таўлай зафіксаваны разам са сваімі калегамі — Аляксеем Анішчыкам, Хведарам Ільяшэвічам, Тодарам Лебядой, Алесем Салаўём, Масеем Сяднёвым, Уладзімірам Сядурам і Сяргеем Хмарам. Усе яны стануць або эмігрантамі, або вязнямі Гулага.

Беларуская салідарнасць

Мусіць, мы здагадваемся, што рабіў у канцы чэрвеня 1944 года ў Мінску разведчык Валянцін Таўлай. Але тут цікавы адзін момант. Былы заходнебеларускі вязень Сяргей Хмара, былы віленскі гімназіст Хведар Ільяшэвіч ды былы наваградскі гімназіст Аляксей Анішчык выдатна ведалі, да якой партыі належаў Валянцін Таўлай, і, мусіць, здагадваліся, што ён не памяняў свае погляды.

І «калабаранты» не выдалі яго мінскай СД?

...Шкадую, што не папытаўся ў Янкі Брыля, як звалі таго начальніка разведкі і якую разведку ён узначальваў: партызанскага атрада ці брыгады. Відаць, гэты начальнік быў непрафесійны разведчык. Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі, думаю, не пашкадаваў бы яго.

Аднаго разу гэтаму начальніку не ўдалося абхітрыць праціўніка. Калі яго, мёртвага, абшукалі, дык знайшлі ў кішэні нататнік, у якім без усякага шыфру, пад сваімі імёнамі (!) былі запісаныя партызанскія сувязныя. У тым спісе было і прозвішча аднаго знаёмца Янкі Брыля, настаўніка. Гэтага настаўніка арыштавалі. Седзячы ў стаўпецкай СД, чалавек чакаў расстрэлу. І якое ж было ягонае здзіўленне, калі шэф СД сказаў яму, што ён паедзе на прымусовую працу ў Нямеччыну. Абвясціўшы прысуд, шэф СД дадаў: падзякуйце вашаму школьнаму інспектару, гэта ён заступіўся за вас перад адпаведнымі інстанцыямі.

Школьнага інспектара, «кала-баранта», звалі Міхась Міцкевіч. У яго быў псеўданім — Антось Галіна. Ён быў малодшым братам Якуба Коласа.

Анатоль Сідарэвіч

0
Код / Адказаць
05.06.2011 / 10:20
http://www.youtube.com/watch?v=khNyNeUpJvs
0
Maksim Hacak / Адказаць
05.06.2011 / 12:09
Калі раптам ня бачылі: Миско Иван Герасимович Родился в 1905 г., д. Чемеры, Слонимский р-н, Барановичская обл.; белорус; образование начальное; б/п; единоличное сельское хозяйство. Проживал: Барановичская обл., Слонимский р-н, д. Чемеры. Арестован 25 марта 1940 г. Приговорен: ОСО 11 декабря 1940 г., обв.: 74 УК БССР - провокатор в КПЗБ. Приговор: 8 лет ИТЛ Реабилитирован 30 сентября 1957 г. Верховный Суд БССР Миско Яков Герасимович Родился в 1911 г., д. Чемеры, Слонимский р-н, Барановичская обл.; белорус; образование среднее; б/п; корреспондент, редакция"Белорууской газеты". Проживал: Барановичская обл., Слонимский р-н, д. Чемеры. Арестован 1 ноября 1939 г. Приговорен: , обв.: 74 УК БССР - провокатор. Приговор: освоб. 26.04.40 Реабилитирован 20 апреля 1940 г. УНКВД по Барановичской обл. Источник: Белорусский "Мемориал" http://lists.memo.ru/index13.htm
0
Человек с бульвара Капуцинов. / Адказаць
05.06.2011 / 12:14
...Вёска знакамітая тым, што за Польшчаю там быў моцны беларускі асяродак. І вязняў у польскія турмы яна дала нямала. ...Затлуміўшы юнаку галаву, камуністы ... ____________________________ Во как интересно. Значит те из украинских ОУНовцев сидевших скажем в польском концлагере в Берёзе Картузской, те были украинскими патриотами, а беларуские коммунисты оказывается являлись форменными злодзеями подставлявшими под удар беларуских патриотов. Снова неровно делите. Беларуская салідарнасць... _____________________________ В огне братоубийственной гражданской войны брода нет. Ещё более глупым является поиск правых или виноватых. У каждого была своя правда...
Паказаць усе каментары/ 50 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру