Прэзідэнт Йемена Алі Абдала Салех атрымаў лёгкія раненні ў выніку абстрэлу прэзідэнцкага палаца ў сталіцы краіны Сане.

«Прэзідэнт жывы і добра пачуваецца», — заявіў у інтэрв’ю тэлеканалу «Аль-Арабія» прадстаўнік кіраўніка дзяржавы Ясер Ямані.

Паводле папярэдніх дадзеных, раненні таксама атрымалі прэм’ер-міністр, спікер йеменскага парламента і яшчэ два высокапастаўленыя чыноўнікі. Як паведамляецца, намеснік прэм’ер-міністра і памочнік прэзідэнта знаходзяцца ў цяжкім стане.

Улады усклалі адказнасць за напад на сілы, верныя апазіцыйнаму шэйху Садзіку Ахмару.

Як паведамляюць прадстаўнікі йеменскіх уладаў, снарад трапіў у будынак палаца ў той момант, калі прэзідэнт і яго асяроддзе маліліся ў размешчанай на тэрыторыі палаца мячэці.

Тым часам тысячы людзей прынялі ўдзел у пахаванні 50 чалавек, якія загінулі ў сутыкненнях паміж урадавымі сіламі і байцамі апалчэння.

Раней войскі, верныя прэзідэнту краіны, нанеслі ўдар па доме шэйха Хаміда Ахмара, брата Садзіка Ахмара, які ўзначальвае магутную канфедэрацыю плямёнаў Хашыд.

З пачатку беспарадкаў у гэтай краіне са студзеня 2011 г. у краіне загінулі 350 чалавек, прычым 135 за апошнія 10 дзён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?