У Рэдакцыю трапіла копія ліста «Пра абмежаванні па продажы нафтапрадуктаў на АЗС», разасланага сёння кіраўніцтвам РУП ВА «Беларуснафта» па ўсіх філіялах.

У ім патрабуецца з 3 чэрвеня 2011 года, «у сувязі з надзвычай нізкімі астаткамі нафтапрадуктаў на складах захоўвання», увесці абмежаванні на продаж паліва за наяўны разлік. Тое, што нафтапрадуктаў засталося мала, тлумачыцца «ажыятажным попытам насельніцтва».

Нормы ўсталёўваюцца наступныя:

25 літраў паліва ў бак для легкавіка і 100 літраў — для грузавіка.

У лісце, падпісаным намеснікам гендырэктара «Беларуснафты» С. С. Каморнікавым, даецца ўказанне праінструктаваць персанал АЗС «пра карэктную працу з пакупнікамі і папярэджанне канфліктных сітуацый» і даецца парада «праводзіць тлумачальную працу з кліентамі».

Некаторыя прыватныя сеткі заправак зусім перасталі запраўляць за наяўныя. У прыватнасці, агенцтва «Інтэрфакс» паведаміла, што спыніў продаж паліва фізічным асобам нават гігант «Лукойл».

Як у Мінску, так і ў рэгіёнах каля дзейных заправак выцягнуліся доўгія чэргі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?