13 сьнежня

Гарадзенскі журналіст арыштаваны на 7 дзён

Супрацоўнік журналу «Magazyn Polski» Аляксей Салей быў асуджаны судом Ленінскага раёну Горадні на 7 дзён арышту. Яго затрымалі ўвечары 12 сьнежня і зьвінавацілі ў парушэньні арт.156 (дробнае хуліганства) і 166 (непадпарадкаваньне патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі) КаАП. У судзе супрацоўнікі міліцыі сьведчылі, што журналіст нібыта «нецэнзурна выказваўся». Сьведкаў з боку падсуднага, якія прысутнічалі падчас затрыманьня журналіста, у залю суду не пусьцілі.

Кіраўнік віцебскай арганізацыі БНФ не прайшоў рэгістрацыі

Кіраўніка віцебскай гарадзкой арганізацыі БНФ Уладзіслава Токарава не зарэгістравалі ў якасьці кандыдата ў дэпутаты ў сувязі зь нібыта вялікай колькасьцю несапраўдных подпісаў на ягоную карысьць. Паводле старшыні камісіі, людзі, якія падтрымалі Ўладзіслава Токарава, адмовіліся ад подпісаў. На патрабаваньне спадара Токарава паказаць яму акты адмовы ад подпісаў яму адказалі, што не абавязаныя такія дакумэнты паказваць.

Скасавалі прысуд былому судзьдзі

Калегія ў крымінальных справах Гомельскага абласнога суду скасавала прысуд Светлагорскага раённага суду аб пакараньні былога судзьдзі Сяргея Ярашэвіча за абразу судзьдзяў з Рагачова. 4 лістапада судзьдзя Сьветлагорскага раённага суду Натальля Белайчук асудзіла С.Ярашэвіча на два гады папраўчых працаў з утрыманьнем на карысьць дзяржавы 20% заробку паводле прысуду.

Падставай для крымінальнага перасьледу Ярашэвіча стаў ягоны запіс у кнізе заўваг і прапановаў Рагачоўскага суду. Ён параўнаў тамтэйшых судзьдзяў У.Саламейчука і М.Рубісава з судзьдзямі 1937 г.

Крымінальную справу супраць С.Ярашэвіча аб абразе рагачоўскіх судзьдзяў, распачатую абласной пракуратурай, будзе ізноў разглядаць суд Савецкага раёну Гомелю.

14 сьнежня

У актывіста Саюзу палякаў апісалі маёмасьць

Супрацоўнікі КДБ апісалі маёмасьць гарадзенскага актывіста Саюзу палякаў у Беларусі Анджэя Лісоўскага. Цяпер лёс маёмасьці вырашыць суд. Варта нагадаць, што Лісоўскага абвінавачваюць у перавозцы наркотыкаў. Забароненыя рэчывы нібыта знайшлі ў ягонай машыне прыканцы кастрычніка, калі ён зь непрызнанай старшынёй СПБ Анжалікай Борыс вяртаўся зь Вільні ў Беларусь.

Дранчука могуць вызваліць датэрмінова

Назіральная камісія пры Фрунзэнскім райвыканкаме Менску прыняла рашэньне аб умоўна‑датэрміновым вызваленьні актывіста кампаніі па назіраньні за выбарамі «Партнэрства» Цімоха Дранчука. Дата выхаду на волю Дранчука вызначыцца 22 сьнежня, калі справу аб умоўна‑датэрміновым вызваленьні грамадзкага актывіста разгледзіць суд Фрунзэнскага раёну Менску.

Міколу Статкевіча праслухоўваюць

Лідэр БСДП (Народная Грамада) Мікола Статкевіч паведаміў, што супрацоўнікі пухавіцкага раённага КДБ усталявалі на ягоным працоўным месцы прыстасаваньне для праслухоўваньня.

М.Статкевіч адбывае ў вёсцы Блонь Пухавіцкага раёну Менскай вобласьці пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі за арганізацыю масавых акцый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму 2004 г.

Эўрапейскія газэты патрабуюць вызваліць Казуліна

У польскай «Gazecie Wyborczej», славацкай «SME», чэскай «Lidove Noviny» ды літоўскай «Lietuvos Rytas» былі надрукаваныя адкрытыя лісты да сваіх урадаў з заклікам запатрабаваць ад беларускіх уладаў неадкладнага вызваленьня палітвязьня Аляксандра Казуліна.

15 сьнежня

У Гародні адмовілі ў рэгістрацыі 13 сябрам АГП

У Горадні ад АГП зарэгістраваныя толькі два чалавекі — кіраўнік Гарадзенскай абласной арганізацыі АГП Юры Істомін і старшыня Гарадзенскай гарадзкой арганізацыі АГП Зьміцер Слуцкі. Яны зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты Гарадзенскага абласнога савету дэпутатаў і Гарадзенскага гарадзкога савету дэпутатаў.

Астатнім 13 сябрам АГП адмовілі ў рэгістрацыі. Нагода — нібыта памылкі ў падатковых дэклярацыях і іншыя прычэпкі.

140 студэнтаў БДПУ выказаліся ў падтрымку звольненага выкладчыка

Больш за 140 подпісаў студэнтаў другога курсу гістарычнага факультэту ў падтрымку Юрыя Бачышчы, выкладчыка катэдры славянскай гісторыі БДПУ, былі перададзеныя ў суд і прыкладзеныя да справы аб аднаўленьні выкладчыка на працы. Ён быў звольнены пасьля прэзыдэнцкай кампаніі толькі за тое, што меў сьмеласьць быць назіральнікам на адным з выбарчых участкаў.

Дашкевіч застанецца ў зьняволеньні

Менскі гарадзкі суд пакінуў бязь зьменаў рашэньне суду Кастрычніцкага раёну Менску, згодна зь якім лідэр незарэгістраванага «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч асуджаны на паўтара году зьняволеньня. Зьмітра арыштавалі сёлета 15 верасьня. 1 лістапада суд пакараў яго за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Пакараньне З.Дашкевіч адбывае ў Шклоўскай папраўчай калёніі.

У Гомелі незалежных кандыдатаў не рэгіструюць

Гомельская гарадзкая выбарчая камісія зарэгістравала кандыдатамі ў дэпутаты толькі пяць з дваццаці дэмакратычных актывістаў, якія высоўваліся кандыдатамі ў дэпутаты гарадзкога савету. Сярод іх — два сябры АГП, па адным — ад партыі БНФ, КХП‑БНФ і ПКБ.

Астатніх дэмакратычных прадстаўнікоў адсеялі на падставе нібыта няпэўных зьвестак у дэклярацыях і анкетах, а таксама выяўленай значнай колькасьці несапраўдных подпісаў выбаршчыкаў.

16 сьнежня

Сьветлагорск салідарны з палітвязьнямі

У ноч на 16 сьнежня актывісты сьветлагорскае суполкі незарэгістраванага «Маладога фронту» правялі акцыю салідарнасьці са зьніклымі й палітзьняволенымі. У шматлюдных месцах гораду зьявіліся плякаты з надпісамі «Дзе Захаранка?», «Дзе Завадзкі?», «Дзе Ганчар?», «Свабоду Дашкевічу!», «Свабоду Казуліну!», «Свабоду Фінькевічу!» З раніцы сьветлагорцы ўбачылі на аўтобусных прыпынках, дошках аб’яваў партрэты зьняволеных і тых, хто зараз адбывае пакараньне па палітычных матывах.

Салідарнасьць з палітвязьнямі ў Баранавічах

А 20‑й гадзіне баранавіцкая моладзь запаліла сьвечкі ў гарадзкім парку на знак салідарнасьці з асуджаным лідэрам «Маладога Фронту» Зьмітром Дашкевічам .

Віншаваньні палітвязьням

Увечары на пошце Цэнтральнага чыгуначнага вакзалу Менску адбылася акцыя салідарнасьці з палітычнымі вязьнямі Беларусі. Актывісты незарэгістраванага «Маладога Фронту» і сябры іншых арганізацыяў разам павіншавалі людзей, што знаходзяцца ў няволі за сваю палітычную пазыцыю.

Пры канцы акцыі перад галоўным уваходам у чыгуначны вакзал быў утвораны ланцуг салідарнасьці: маладыя людзі трымалі сьвечкі і партрэты палітвязьняў.

17 сьнежня

Салідарнасьць у Польшчы

У дзевяці гарадох Польшчы прайшлі акцыі салідарнасьці зь Беларусяй. Акцыі прайшлі ў Кракаве, Любліне, Сопаце, Познані, Ўроцлаве, Лодзі, Беластоку, Пултуску і Варшаве. Іх зладзілі беларускія студэнты, што вучацца на стыпэндыях імя Кастуся Каліноўскага.

У Баранавічах затрымліваюць моладзь

Уначы ў Баранавічах былі затрыманыя моладзевыя актывісты Артур Сасім, Аляксандар Астроўскі і Яраслаў Грышчэня. На хлопцаў былі складзеныя пратаколы за «распаўсюд друкаваных матэрыялаў без выходных зьвестак».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0