16.02.2006 / 11:48

57 гадоў на сьметнік Зьніклі 300 тысячаў экспанатаў музэю гісторыі Менску. 2

Зьніклі 300 тысячаў экспанатаў музэю гісторыі Менску.

Тут, у будынку на вул.Кірыла і Мятода, 8, архіў захоўваўся доўгія гады. Пераезд у новае памяшканьне выявіўся фатальным.

Фота Юліі Дарашкевіч

ЖРЭУ Ленінскага раёну папросту выставіла скрыні з калекцыямі на вуліцу. ЖЭС №2 загадаў прыбраць іх з двара. Калекцыю папросту вывезьлі на сьметнік.

Археоляг Сяргей Тарасаў кажа: «Там была і кераміка, і калекцыя скураў ад ХІІІ ст., і драўляныя вырабы, і вялікая шкляная калекцыя, і прылады працы».

Каштоўнасьць знаходкі мелі ня толькі для археолягаў: палеантолягі маглі вывучаць па іх гісторыю жывёльнага сьвету, біёлягі — расьліннага. Адказны за калекцыю, кандыдат гістарычных навук, загадчык аддзелу археалёгіі сярэднявечнага пэрыяду Інстытуту гісторыі С.Тарасаў падаў заяву ў Ленінскае РУУС Менску.

Менская археалягічная калекцыя зьбіралася ад 1948 г., калі яе заснаваў археоляг Васіль Тарасенка. Да 2003 г. знаходкі, што мелі скласьці аснову будучага Музэю гісторыі Менску, перахоўваліся ў доме №8 па вул.Кірылы й Мятода. Як будынак паставілі на рамонт, калекцыя пераехала ў сутарэньні дома № 2 па вул.Рыбалкі, пра што была падпісаная дамова арэнды з ЖРЭУ Ленінскага раёну. На ўваходзе ў памяшканьне была прымацаваная шыльдачка з пазнакай уладальніка — Інстытуту гісторыі. Пры канцы 2005 г. ЖРЭУ папярэдзіла навукоўцаў, што дом можа быць пастаўлены на капітальны рамонт, аднак пагадзілася пакінуць калекцыю й рамантаваць сутарэньні паэтапна. Навукоўцы працягвалі аплачваць арэнду.

8 лютага С.Тарасаў і ягоны калега Пятро Русаў прыехалі, каб дадаць вынікі летніх раскопак, і пабачылі, што ў арандаваных імі памяшканьнях месьцяцца майстэрні. Як кажа С.Тарасаў, ЖРЭУ Ленінскага раёну, пачаўшы рамонт дому, папросту выставіла скрыні з калекцыямі на вуліцу. Празь некалькі дзён ЖЭС №2 загадаў прыбраць іх з двара. «Мінуўшчына сталіцы» папросту трапіла на сьметнік.

Аднавіць збор цяпер немагчыма. «Усё ляжала па скрынях, на кожным экспанаце было пазначана месца, час знаходкі, стаяў адмысловы шыфр. Цяпер па іх праехаўся бульдозэр», — канстатуе С.Тарасаў.

Навуковую страту можна хіба што ўявіць. Грашовую... «Гэта немагчыма ацаніць». Дык ці ня варта, у такім разе, пашукаць сьляды Менскай калекцыі на чорным рынку? С.Тарасаў такую вэрсію адмаўляе й лічыць, што, найхутчэй, мела месца звычайная нядбайнасьць: «Хаця, калі б там трапіўся чалавек абазнаны, то знайшоў бы прымяненьне гэтым знаходкам».

Вядома, звычайныя будаўнікі, якія займаліся рамонтам дому па вул.Рыбалкі, маглі проста выкінуць на сьметнік калекцыю. Што ім тыя чарапкі? Гэта, можна сказаць, характэрны для цяперашняе Беларусі выпадак.

Трэба адзначыць, што археоляг Тарасаў быў навуковым кіраўніком раскопак на Нямізе, дзе будуецца цяпер паркінг. Ён жа наглядаў за раскопкамі на месцы былога гарадзкога тэатру і драўлянага палацу Радзівілаў XVII—XVIII ст. на тым пляцы, дзе сёньня будуецца гатэль «Эўропа».

Археоляг Алег Трусаў кажа, што такія выпадкі — не ў навіну: «Калі я быў яшчэ асьпірантам, такі ж завал быў на вул.Сурганава, дзе тады зьбіраліся знаходкі. Калі памірае ці выходзіць на пэнсію археоляг, ягоная калекцыя паціху расьцягваецца. Так, пасьля сьмерці Міхася Ткачова многія зь яго знаходак патрапілі ў зборы ягоных вучняў. У Зянона Пазьняка ў доме на вуліцы Гандлёвай вельмі шмат было, цэлы будынак быў заняты калекцыямі. Куды ўсё падзелася?»

Карані такога стаўленьня да археалягічнае спадчыны Трусаў бачыць у савецкай неахайнасьці: «Гэтая хвароба пачалася гадах у 60-х. Яны ня хочуць адразу апісваць знаходкі, а проста запакоўваюць у скрыні, дзе ўсё ляжыць гадамі. Апісваць кераміку цяжка. Таму археолягі імкнуцца правесьці новыя раскопкі, знайсьці што-небудзь цікавае, а гэтыя чарапкі пакідаюць».

Адам Воршыч

0
Wojsza Litwin / Адказаць
13.07.2013 / 16:58
Жудасная гісторыя, што адбылася за месяц перад Плошчай-2006, і прайшла, напэўна, цалкам незаўважнай для 99% беларусаў, якія ў той час "слухалі Бацьку" і з бацькам Алесю Ярмоленку. Я тады 'шчэ быў нармальны рускі чалавек, і пра гэта швондзерства вось толькі даведаўся ўпершыню...
1
begemotv2718 / Адказаць
14.07.2013 / 17:54
Ці можа быць сапраўды 300000? Нават калі кожны экспанат у сантыметр кубічны, гэта трэць кубаметра і важыць паўтоны найменьш.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру