Адбылася паседжаньне Вышэйшага гаспадарчага суду, на якім разглядалася пазоўная заява царквы «Новае жыцьцё» аб прызнаньні незаконным рашэньня Менгарвыканкаму ад 17.08.2005 г. аб пазбаўленьні царквы права карыстаньня зямлёй і наступным прымусовым выкупе зямлі.

На судзе прысутнічалі прадстаўнікі царквы, фонду «Менгармаёмасьць», Аддзелу па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Менгарвыканкаму і Камітэту па архітэктуры і горадабудаўніцтве.

Царква «Новае жыцьцё» заявіла дапаўняльныя пазоўныя патрабаваньні, якія суд часткова задаволіў, сярод іх – допыт у якасьці сьведкі ў дадзенай справе начальніка Аддзелу па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Менгарвыканкаму Рабіцавай А. Н., а таксама спагнаньне зь Менгарвыканкаму сумы панесеных царквой выдаткаў у выглядзе заплачанага дзяржмыта.

У сувязі з узьнікненьнем дадатковых патрабаваньняў з боку прадстаўнікоў царквы, а таксама хваробы юрысконсульта Камітэту па землеўпардкаваньні Менгарвыканкаму, судзьдзя Караткевіч пастанавіла адкласьці разгляд справы на іншы тэрмін. Праўнік царквы Сяргей Луканін паведаміў, што толькі часткова задаволены вынікамі сёньняшняга паседжаньня. Вышэйшы гаспадарчы суд прыняў да разгладу тры зь пяці патрабаваньняў царквы. Сярод адхіленых былі звароты царквы аб перарэгістрацыі суполкі па адрасе разьмяшчэньня будынку (Кавалёва, 72), а таксама просьба аб дазволе правядзеньня богаслужэньняў у будынку царквы. Судзьдзя Караткевіч матывавала адхіленьне гэтых патрабаваньняў тым, што яны не адносяцца да працэсу ў цэлым і мусяць разглядацца як асобныя пытаньні.

Пасьля навагодніх сьвятаў царква «Новае жыцьцё» зьвернецца ў суд Цэнтральнага раёну з пазовам да Сталічнага тэлебачаньня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?