Міністр культуры Беларусі паабяцаў аддаць апошняе, але знайсці грошы на правядзенне Дня беларускага пісьменства ў Ганцавічах. Правядзенне яго запланавана на 4 верасня гэтага года.

Днямі ў Ганцавіцкім райвыканкаме прайшло паседжанне Нацыянальнага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства. Панаехала шмат чыноўнікаў — міністр культуры Павел Латушка, міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі, старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар, намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык, а таксама прадстаўнікі іншых міністэрстваў і ведамстваў.

Як піша газета «Ганцавіцкі час», чыноўніцкая дэлегацыя «абышла ўсе аб’екты ў цэнтры горада, ад музея да кінатэатра, уздоўж якіх будзе абсталявана алея пісьменства».

«Амаль каля кожнага аб’екта вялася гаворка аб недахопе сродкаў на рэканструкцыю,

— распавядае «Ганцавіцкі час». — Па словах старшыні Ганцавіцкага райвыканкама Уладзіміра Столяра, першапачатковыя планы прадугледжвалі затраты на 232 млрд рублёў, але ў свеце апошніх падзей плануецца ўпарадкаванне меншай колькасці аб’ектаў, чым было меркавалася, і на гэта патрэбна 92 млрд рублёў. Выдзелена пакуль толькі 45 мільярдаў, рэшту трэба знайсці».

Віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік заўважыў: маўляў, пакуль не адчуваецца узнёсласці настрою жыхароў Ганцавіч перад нацыянальным святам пісьменства. І з гумарам дабавіў: «З грашамі кожны можа зрабіць, а вось без грошай — гэта ўжо мастацтва».

Міністр культуры Павел Латушка, у якога папрасілі выдзеліць сродкі на рамонт раённага краязнаўчага музея, адказаў:

«Без штаноў застануся, але грошы на Дзень пісьменства знайду».

Што ж, пабачым, у якіх штанах Латушка восенню паедзе ў Ганцавічы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?