Асноўная частка — 55,5% — аб’ектаў грамадскага харчавання знаходзіцца на балансе арганізацый прыватнай формы ўласнасці, паведамілі ў Галоўным статыстычным упраўленні Мінска.

42% належаць арганізацыям дзяржаўнай формы ўласнасці і толькі 2,5% аб’ектаў грамадскага харчавання — арганізацыям замежнай формы ўласнасці.

У сферы грамадскага харчавання ў Мінску на 1 студзеня 2011 года працавала 1.930 аб’ектаў грамадскага харчавання на 129,3 тыс. пасадачных месцаў, што на 124 аб’екты (на 5,1 тыс. пасадачных месцаў) больш, чым год таму. Пасадачныя месцы маюць амаль 93% аб’ектаў грамадскага харчавання. У агульнадаступных месцах (не на прадпрыемствах і ў арганізацыях) размешчана 1.197 аб’ектаў грамадскага харчавання на 58,7 тыс. пасадачных месцаў, ці 62,8% ад агульнай колькасці аб’ектаў.

У 2010 годзе ў горадзе працавала 568 сталовых на 72,8 тыс. пасадачных месцаў, 323 кафэ (19,4 тыс.), 266 бараў (8,3 тыс.), 111 рэстаранаў (12,8 тыс.), 128 міні-кафэ (2,4 тыс.), 88 кафетэрыяў (1,5 тыс.), 19 рэстаранаў хуткага абслугоўвання (2,2 тыс.), 338 іншых аб’ектаў грамадскага харчавання (7,3 тыс.).

Акрамя таго, кулінарная прадукцыя рэалізоўвалася ў 48 магазінах кулінарыі і 44 палатках.

У 2010 годзе ў параўнанні з папярэднім годам колькасць кафэ павялічылася на 16 адзінак, ці на 5,2%, кафетэрыяў — на 15 (на 20,5%), закусачных — на 24 (на 36,9%), бараў — на 25 (на 10,4%), іншых аб’ектаў — на 47 (на 16,2%), у той жа час колькасць рэстаранаў паменшылася на 22 адзінкі (на 16,5%).

Значная доля аб’ектаў грамадскага харчавання знаходзілася ў Цэнтральным (16,9%), Маскоўскім (14,7%) і Савецкім (11,4%) раёнах, менш за ўсё аб’ектаў у Партызанскім і Заводскім раёнах — па 8,7% у кожным. Найбольшая колькасць рэстаранаў, кафэ і бараў знаходзілася ў Цэнтральным раёне — 36, 63 і 60 адзінак адпаведна.

У 2010 годзе ў разліку на 10.000 жыхароў Мінска прыпадала 10 аб’ектаў грамадскага харчавання. Лепш забяспечаны сеткай грамадскага харчавання жыхары Савецкага, Партызанскага і Цэнтральнага ранаў, дзе ў разліку на 10.000 жыхароў прыпадала адпаведна 14, 17 і 30 аб’ектаў грамадскага харчавання.

На 1 студзеня 2011 года арганізацыі спажывецкай кааперацыі мелі ў гарадской сістэме 13 аб’ектаў грамадскага харчавання на 765 пасадачных месцаў, што склала 0,7% ад іх агульнай колькасці. Індывідуальным прадпрымальнікам належала восем аб’ектаў грамадскага харчавання на 47 пасадачных месцаў — 0,4% ад агульнай колькасці аб’ектаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?