Па просьбе БелаПАН беларускія эканамісты пракаментавалі рашэнне міністраў фінансаў краін ЕўрАзЭС выдзеліць Мінску крэдыт з Антыкрызіснага фонду — 3 млрд. даляраў ЗША на працягу трох гадоў па рухомай стаўцы 4,1% гадавых на 10 гадоў.

Рашэнне міністраў было чаканым, лічыць былы кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч. На яго думку, Беларусі давядзецца выконваць умовы выдзялення крэдыту, сярод якіх прыватызацыя дзяржуласнасці на 7,5 млрд. даляраў.

"Мінск прыціснуты да сценкі, куды дзявацца?"

— сказаў Багданкевіч. На яго думку, абысціся без прыватызацыі цяжка, бо атрымаць крэдыт МВФ, на які разлічваюць улады, "не так лёгка, як здаецца".

Паводле слоў кіраўніка Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргея Балыкіна, атрыманне крэдыту павінна быць спалучана з правядзеннем рэформ. "Пара спыніць праяданне крэдытаў, трэба саскочыць з датацыйнай іголкі і нарэшце навучыцца самім зарабляць грошы", — перакананы эканаміст. На яго думку, гэта магчыма ва ўмовах рэальнай лібералізацыі эканомікі, давання свабоды гаспадарчым суб'ектам малога і сярэдняга бізнесу, які створыць новыя працоўныя месцы ўзамен тых, што непазбежна будуць скарочаныя на буйных прадпрыемствах. "Малы і сярэдні бізнес можа стаць новай кропкай росту, фундаментам развіцця новага буйнога бізнесу.

Трэба адпусціць павадок. Лепш пазней зарабіць рубель, чым цяпер выбіваць дзесяць капеек",
— лічыць Балыкін. Аднак, падкрэсліў ён, патрэбна палітычная воля, якой пакуль не назіраецца.

"У характары нашага прэзідэнта кантраляваць уласнасць і не дзяліцца ёю. Але на сёння сітуацыя такая, што давядзецца нехаця штосьці прадаваць. Грошы ўзяць няма дзе. Без стымулявання эканомікі мы апынемся ў становішчы алкаголіка, які прадае рэчы, каб пахмяліцца", — заявіў Балыкін.

Паводле яго слоў, умовы крэдыту МВФ, на які разлічваюць улады, яшчэ больш жорсткія. "Там няма прыватызацыі, але патрабуецца смелая праграма рэформ, — сказаў эканаміст. — Ва ўлад няма вопыту правядзення пераўтварэнняў.

Ёсць толькі вопыт вымаўлення правільных слоў і лозунгаў, за якімі, як правіла, адбываецца закручванне гаек".

Як адзначыў эканаміст Сяргей Чалы, умовы выдзялення крэдыту ЕўрАзЭС апошнім часам настолькі пагоршыліся, што ён стаў больш цікавы Расіі, чым Беларусі. "Названая сума праблем не вырашае, але Расію прыцягвае праграма прыватызацыі", — мяркуе Чалы. Ён выказаў сумненне, што Беларусь пойдзе на прыватызацыю ў тым аб'ёме, у якім патрабуе Расія. На яго думку, Мінск будзе адцягваць выкананне гэтага абяцання да выдзялення крэдыту МВФ. "Можна было б наогул абысціся без ЕўрАзЭС. Цяпер сітуацыя на рынку закансерваваная. Безумоўна, дэградацыя ідзе, але не такімі катастрафічнымі тэмпамі, як у сакавіку і красавіку", — сказаў эканаміст.

Самае цікавае, паводле яго слоў, — куды пойдзе першы транш (800 млн. долараў) з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС.
"Мяркуючы па званках журналістаў з дзяржСМІ, канчатковае рашэнне не прынята. Напэўна, большую частку пакладуць у рэзервы Нацбанка, астатняе патрацяць на крытычны імпарт", — выказаў меркаванне Чалы.

Эканаміст упэўнены, што

гэтыя грошы не паўплываюць на сітуацыю на валютным рынку.
Пры гэтым Нацбанк, на яго думку, будзе рухаць курс валютнага кошыка да новай верхняй мяжы. "Ходзяць чуткі аб адмене двухпрацэнтнага абмежавання на адхіленне курсаў угодаў ад афіцыйнага. Але ёсць і негатыў: можа быць павялічана доля абавязковага продажу валюты на біржы, а гэта дадатковы падатак на экспарцёраў, калі курс будзе ніжэйшы за рыначны. Ёсць схемы ўводу валюты ад абавязковага продажу, аднак іх існаванне чарговы раз сведчыць аб ненармальнасці сітуацыі", — заявіў Сяргей Чалы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?