Тыповы партрэт беларускай прыёмнай сям’і — вясковыя жыхары. Калі ў калгасе няма працы, людзі бяруць у сям’ю дзяцей з прытулкаў, дзіцячых дамоў ці школ-інтэрнатаў. У асобных вёсках беларусы, паглядзеўшы на прыклад суседзяў, імкнуцца паправіць матэрыяльнае становішча, узяўшы дзіця ў прыёмную сям’ю.

Наведваючы дачку ў лякарні, я пазнаёмілася з яе суседкай па палаце, сямігадовай Дашай. На падарункі мая дачка адрэагавала, як заўсёды, своеасабліва: «Гэта мне не падабаецца! Навошта ты гэта купіла?». Дзяўчынка з суседняй койкі абурылася: «Маці табе столькі ўсяго накупляла! Хоць бы „дзякуй“ сказала!»

— А да цябе хто прыходзіць? — спытала я ў разважлівага не па гадах дзіцяці.

— Мама ў турме, а бацька памёр. Мяне бабуля наведвае.

Пазней выпадкова высветлілася, што дзяўчынку забралі ў бабулі органы апекі.

Аднойчы пачула, што Дашу наведалі жыхары суседняй вёскі. «Яны мне сказалі, што калі мне ў іх спадабаецца, я буду там жыць», — расказала мне дзяўчынка.

Калі яна выйшла з палаты, суседка — маладая жанчына, што ляжала ў аддзяленні з дачкой, — не стрымалася: «Ведаеце, бабуля, як даведалася пра гэта, так плакала! Яны ў два галасы галасілі, абдымаліся. Яна прызналася, што ў яе былі праблемы з алкаголем, і яна закадавалася. Праўда, да алкагалічкі зусім не падобная. А гэтых людзей, што прыходзілі, Даша не ведае зусім».

Скажу шчыра, гэтая гісторыя мяне не адпускала. І калі дачку выпісалі з лякарні, а Дашу накіравалі ў прытулак, я адшукала яе бабулю.

«Людзі ў чаргу выстройваюцца, каб дзіця ўзяць»

Жыхарка вёскі Омгавічы Слуцкага раёна Тамара Андрэеўна Пліско дапамагала сыну гадаваць дачку з трох гадоў. Нявестка сышла ў загул, з’ехала і пра існаванне дачкі забылася. Цяпер Дашы сем, і яна амаль не памятае сваю маму. Яе таты не стала ў жніўні мінулага года.

«Ён адчуваў, што не вернецца з бальніцы, і вельмі прасіў, каб я Дашу даглядала і нікому не аддавала», — плача жанчына.

Выслухаўшы гісторыю яе жыцця як споведзь, я задаю галоўнае пытанне: «Як так атрымалася, што ў вас забралі ўнучку?».

— Мы прыехалі з Полацка з пахавання свякрухі. У мяне брат уходжваўся дома. Курэй глядзеў ды тапіў печ. А назаўтра ў мяне дзень нараджэння. Ён прыйшоў мяне павіншаваць. Мы выпілі з дзедам і братам. Той пайшоў дадому, а малая адчыніла дзверы настаўніцы. «А дзе бабушка?» — тая пытаецца. — «А бабушка выпіўшая», — кажа Даша. Тая пайшла і дырэктарцы школы расказала. Дырэктарка пазваніла свайму мужу Адаму — старшыні сельсавета. Яны прыйшлі і выклікалі «хуткую». Забралі і сказалі: «Завязем цябе ў бальніцу на дзесяць дзён. Хай баба з дзедам падумаюць, а потым вернешся». Калі Дашу забіралі, я ляжала, бо яшчэ грыпам захварэла.

…Потым прыязджаю к ёй у бальніцу, а Даша мне гаворыць: «Бабуля, Адам аддае мяне ў другую сям’ю — да мяне цёця прыходзіла». Я закадзіравалася, хадзіла ў выканкам, занесла гэтыя дакументы. Я не была п’яніцай. Выпівала калі-нікалі, бо гора — сын памёр малады. Я і закатваю. Як ягады грыбы пачнуцца — я з лесу не вылажу. І агароды… У мяне ўсё сваё.

Тая жанчына з Сорагаў мне сказала, што працуе ў бібліятэцы — замяняе дэкрэт. А як выйдзе бібліятэкарка з дэкрэту, у яе работы няма ў калгасе. А ёй яшчэ восем гадоў да пенсіі. А за гэта ёй стаж ідзе, і заробак будзе дзяржава плаціць.

Іх сям’я — дванаццатая з Сорагаў, якая дзяцей бярэ. Людзі ў чэргі выстройваюцца, каб дзіцё узяць.

…Хадзіла я ў аддзел апекі. Ад знаёмых чула такое, што Адам напісаў на мяне такую характарыстыку, што мяне толькі ў турму садзіць. Няўжо дзіцяці будзе лепей у прыюце, чым у мяне? У выканкаме сказалі, што мне яе не аддадуць, бо я п’ю. Прасіла, каб мне далі шанец яе забраць, але мне сказалі, што ўжо ёсць прыёмная сям’я.

Суседзі напісалі заяву, каб вярнулі Дашу. Яна хоча вярнуцца дадому….

Дырэктар Омгавіцкай школы Тамара Жанжэўская гаворыць пра Дашыну бабулю як пра добрую жанчыну, але ж п’е…

— Яна шкадавала ўнучку, але піла запоямі, — сказала суразмоўца. — Калі першы раз грошы атрымала апякунскія, прапіла іх з мужам. Я з ёй не раз гутарыла. Тамара Андрэеўна плакала, абяцала, што не паўторыцца такое. Калі мы прыйшлі да іх забіраць Дашу, на вуліцы было дваццаць градусаў марозу, а ў хаце холадна, бабуля з дзядулем нават з печы не ўсталі. Мы дзіця часова забралі і змясцілі ў бальніцу. Прыйшлі праз некалькі дзён, сказалі, каб нешта рабілі, інакш апеку анулююць. Прапанавалі закадавацца. Праз месяц пасля таго, як пракапалася, бабуля паехала ў органы апекі, але было ўжо позна. Цяпер мне ўсе ў вёсцы кажуць, што яна зноў запіла.

Тамару Андрэеўну я заспела ў суседзяў — дапамагала саджаць бульбу. Цвярозая. Хоць трубкі, як у інспектара ДАІ, у мяне не было.

— Вы ведаеце, што тая жанчына ўжо не хоча браць Дашу да сябе? Ёй дачка забараніла, — падзялілася навіной бабуля.

Тамара Андрэеўна па-ранейшаму ездзіць з вёскі да ўнучкі ў прытулак, прывозіць гасцінцы. А жанчына, якая хацела стаць прыёмнай мамай дзяўчынкі, змяніла свой намер. У гутарцы з карэспандэнтам «Салідарнасці» яна сказала: «Мы бралі Дашу дадому пазнаёміцца бліжэй. Разумееце, у калгасе няма дзе працаваць. А тут 400 тысяч — зарплата. Але потым перадумалі. Дзеці нашы ўжо дарослыя. Прыраўнавалі трохі. Паабяцалі часцей да нас прыязджаць у вёску».

«Мы не даведаемся, з якой мэтай людзі бяруць дзяцей у прыёмныя сем’і»

Нэлі Панамарэнка больш за 10 гадоў працавала ў органах апекі, а потым сама стала прыёмнай мамай. На яе думку, дзяржаве танней абыходзіцца ўтрыманне дзяцей у прыёмных сем’ях, чым у інтэрнатах.

— Дзіцяці лепш жыць з бацькамі, хай нават прыёмнымі, якія клапоцяцца пра іх. Вы ж ведаеце, наколькі не адаптаванымі да жыцця выходзяць выпускнікі школ-інтэрнатаў. Яны ж нічога ў побыце не ўмеюць рабіць! — лічыць суразмоўніца. — Я памятаю, як толькі з’явіўся гэта праект аб прыёмных сем’ях — а было гэта гадоў дзесяць таму — адна чыноўніца з Міністэрства адукацыі заявіла: «Мы не даведаемся матывацыю прыёмных бацькоў, з якой мэтай яны бяруць дзяцей. Можа быць, нехта і вырашае такім чынам свае матэрыяльныя праблемы. У душу мы ім не зазірнем. У любым выпадку, дома дзіцяці лепш, чым у прытулку». І я з ёй згодная.

Лічылка

На ўтрыманне дзіцяці прыёмным бацькам плацяць каля 400 тысяч рублёў. Акрамя таго, яны атрымліваюць зарплату — каля 700 тысяч рублёў, бо лічацца такімі ж працаўнікамі, як, скажам, выхавальнікі дзіцячага сада. Ім налічваецца заработная плата, захоўваецца стаж, належыць адпачынак.

Калі дзіця, узятае ў прыёмную сям’ю, — сірата, яму налічваецца пенсія па страце кармiцеля. Прыёмны бацька мае права распараджацца гэтымі грашыма, але дзяржава ў асобе супрацоўнікаў выканкама будзе кантраляваць, на якія мэты расходуецца пенсія. У сярэднім памер пенсіі па страце карміцеля можа скласці парадку 300 тысяч рублёў.

Толькі лічбы

Паводле інфармацыі Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі, колькасць прыёмных сем’яў у краіне за апошнія пяць гадоў узрасла амаль у паўтара разу. У пачатку 2011 года прыёмнымі бацькамі выхоўвалася каля сямі тысяч дзяцей.

P. S. Пакуль матэрыял рыхтаваўся да публікацыі, у маленькай Дашы з’явіліся прыёмныя бацькі. Муж і жонка Таццяна і Аляксей жывуць у вёсцы з дачкой жонкі ад першага шлюбу. Агульных дзяцей не нажылі. Вось і вырашылі ўзяць прыёмнае дзіця. «Мы б яшчэ аднаго ўзялі, — прызнаецца бацька сямейства, — пакуль яшчэ не старыя і можам клапаціцца, любіць і аддаваць увагу дзецям. Вы прыязджайце, паглядзіце: Дашцы добра ў нас».

Стэлефанавацца з Дашынай бабуляй Тамарай Андрэеўнай не атрымалася. Суседка ў тэлефоннай размове сказала, што пасля таго, як унучку ўзялі ў сям’ю, бабка запіла.

— Яна клялася, што больш не будзе. Мы яе шкадавалі, — сказала суседка. — А цяпер бачылі б вы яе. Апухла ад гарэлкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?