У Беларусі 6 чэрвеня ўпершыню адзначаецца адзіны Дзень расейскай мовы. Ініцыятарам акцыі выступіла расійскае Федэральнае агенцтва па справах СНД, суайчыннікаў, якія жывуць за мяжой, і па міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве (Рассупрацоўніцтва).

Як паведаміў супрацоўнік прадстаўніцтва гэтага агенцтва ў Беларусі Уладзімір Гунік, сёлета гэтая акцыя, прымеркаваная да дня нараджэння Аляксандра Пушкіна, упершыню выйшла за межы Расіі — да яе далучыліся больш за сто краін.

Напярэдадні акцыі, 4 чэрвеня, беларускія аматары творчасці Пушкіна наведалі вёску Цялуша (Бабруйскі раён Магілёўскай вобласці), дзе пахаваная ўнучка літаратара.

У Гомелі 6 чэрвеня стартуе Пушкінскі фестываль, у межах якога адкрыліся, у прыватнасці, розныя выставы, конкурсы, праходзяць чытанні твораў Пушкіна ў перакладзе на беларускую мову.

На базе прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Беларусі 7 чэрвеня ў Мінску будзе арганізаваная святочная літаратурна-музычная праграма з удзелам артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі і студэнтаў-філолагаў БДУ.

Таксама плануецца, што мерапрыемствы адбудуцца ў многіх установах культуры і адукацыі абласных і раённых цэнтраў краіны.

Як паведаміў Гунік, у межах акцыі па ўсім свеце запланавана каля пяцісот культурна-асветных, адукацыйных і навукова-метадычных мерапрыемстваў. Яны пройдуць на базе прадстаўніцтваў Рассупрацоўніцтва, расійскіх цэнтраў навукі і культуры, замежных партнёрскіх арганізацый агенцтва, а таксама цэнтраў падтрымкі вывучэння рускай мовы фонду «Расейскі свет».

«У нас прадстаўніцтвы не ва ўсіх, але ў многіх краінах СНД, а таксама ў Еўропе, Амерыцы і Азіі», — дадаў ён, падкрэсліўшы маштаб акцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?