Ідэя сайта «Вытокі» выспявала даўно і не ў адной грамадскай арганізацыі, кажуць яго стваральнікі. Там выкладзеныя факты той гісторыі, якой не знайсці ў афіцыйных падручніках.

Хутка кожны можа лёгка знайсці патрэбны дакумент пэўнай арганізацыі ці здымкі з шэсця на Дзяды-1988 альбо Чарнобыльскі Шлях-1996. Шэраг грамадскіх арганізацый і прыватных збораў аб’ядналі свае высілкі для стварэння вялікага інтэрнэт-архіва.

Вацлаў Арэшка з грамадскага аб’яднання «Дыярыюш» кажа, «Мы збіраем усё, што тычыцца гісторыі грамадскага супраціву, вызвольнага руху, барацьбы за дэмакратыю, свабоду, незалежнасць за XX–XXI стагоддзі».

Калі БРСМ раптам забароняць і перашкодзяць яго дзейнасці, то і яго дакументы могуць з’явіцца на «Вытоках», жартуе старшыня Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч.

Пакуль сайт-даведнік з гісторыяй арганізацый, біяграфіямі дзеячоў, па ацэнцы старшыні грамадскага аб’яднання «Дыярыюш» Ларысы Андросік, запоўнены на 1%. Туды пастаянна будуць дадавацца ўсё новыя фотаздымкі і копіі дакументаў. Кожны ахвочы можа падзяліцца каштоўным асобнікам з сваёй калекцыі.

Вацлаў Арэшка тлумачыць прычыну стварэння вэб-архіва: «Мы сутыкаемся з сітуацыяй, што вялікая колькасць дакументаў гіне. Ніводны афіцыйны збор, архіў ці бібліятэка сістэматычна не збірае такія матэрыялы. Думаю, лепшы збор існуе толькі ў органах бяспекі».

У будучыні, сайт можа стаць і карысным памочнікам для студэнтаў-гісторыкаў, спадзяюцца арганізатары «Вытокаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?