07.06.2011 / 12:34

Унтэр-прышыбеевы 6

Тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, — ганьба і дэманстрацыя таго, як любая добрая ідэя можа быць даведзеная да абсурду.

Ізноў надышлі часы унтэраў Прышыбеевых. Памятаеце, нам у школе шмат расказвалі, як Чэхаў творча развіў вобраз гогалеўскага Дзержыморды — чалавека, што тупа стаіць на абароне ўлады? І, напэўна, праз усе творы праходзіла знакамітая цытата: «А ежели беспорядки? Нешто можно дозволять, чтобы народ безобразил? Где это в законе написано, чтоб народу волю давать?» Цытата — як прысуд апантанага служакі, вартага толькі пагарды.

Але сачыненні — сачыненнямі, а ў рэальным жыцці так хутка і так шмат знайшлося ахвотных справу унтэра Прышыбеева падхапіць і развіць, што застаецца толькі здзіўляцца: чаму іх у школе вучылі?..

На раёнах цяпер удзень пустыя крамы, таму што людзі баяцца славутых «андропаўскіх аблаваў». На заводах рабочыя не могуць трапіць у заводаўпраўленне, таму што цягам працоўнага дня выходзіць за прахадную нельга. У выканкамах дробныя чыноўнікі нават пасля таго, як стрэлка адлічыла апошнюю рабочую хвіліну, баяцца пакідаць кабінеты, таму што з вуснаў у вусны перадаецца страшная гісторыя: «Гэта караецца».

Гісторыя, дарэчы, праўдзівая. У дзень «кантрольнага замеру» ў Слуцкім райвыканкаме 33 работнікі пакінулі працоўныя месцы ў перыяд з 17.01 да 17.04, то бок адразу пасля заканчэння працоўнага дня. Ніякага парушэння ў гэтым, вядома, няма, але Дзяржкантроль, мабыць, стаяў з секундамерам і шум падняў на ўсю рэспубліку. Маўляў, ёсць над чым задумацца, трэба перагледзець працоўную нагрузку! Ясная справа, што ў іншых выканкамах пад той замес, пад якім ні за што ні пра што апынуліся случчакі, патрапіць не хочуць. Вось і сядзяць па кабінетах нават пасля працоўнага дня, чакаюць адмашкі…

У адных забаранілі піць гарбату-каву не на абедзенным перапынку і аддалі загады, каб нават кубкі на стале не стаялі. У іншых у працоўны час цяпер нельга размаўляць па мабільніку…

Што ні дзяржпрадпрыемства, то свае «выкрутасы».
Проста дзіву даешся: як справу трэба рабіць — параліч улады, а як глупства якое-небудзьпрыдумаць-то адкуль толькі бяруцца і энергія, і фантазія, і рызыка?!

Запраўляе ўсім, як вядома, Камітэт дзяржаўнага кантролю на чале са старшынём. Ведамства Аляксандра Якабсона дакладвае, дзе і які доктар на 5–10 хвілін затрымаў прыём, дзе без выразнай прычыны дактары знаходзіліся не ў сваіх кабінетах… А я ў гэтай сувязі выкажу крамольную ідэю: у адрозненне ад дактароў, некаторым дзеячам на працу лепш наогул не хадзіць — будзе больш карысці і дзяржказне, і людзям.

Ці памятае Аляксандр Серафімавіч Якабсон, з нядаўніх часоў — галоўны кантралёр, але раней — першы намеснік старшыні Гомельскага гарвыканкама, потым мэр Гомеля, потым губернатар Гомельскай вобласці, што ў яго родным горадзе толькі 19% дзяцей прызнаныя практычна здаровымі, а ў сярэднім па Беларусі гэты паказчык ледзь меншы за 30%?

А дакладвалі яму, што ў Мінску, дзе хворых дзяцей усё ж такі менш, ёсць тры гарадскія дзіцячыя бальніцы і адзін дзіцячы хірургічны цэнтр?

Пры гэтым у Гомелі, якім так паспяхова кіраваў Якабсон, гарадской дзіцячай бальніцы няма наогул, а абласная перапоўненая. Хоць Гомель — другі па велічыні пасля Мінска, дзяцей недзе 90 тысяч, і яны, як паказвае статыстыка, хварэюць. Аднак за адсутнасцю бальніцы дзіцячыя аддзяленні раскідалі па розных дарослых стацыянарах, што, як вы разумееце, не ёсць добра.

Ці ведае Аляксандр Серафімавіч, што калі нядаўна гомельскія дэпутаты вырашылі заняцца праблемай дзіцячага захворвання і пайшлі па паліклініках, то ў адной іх сустрэлі, як звычайна, паказушна-пустымі калідорамі. Але ў іншай усё-ткі абмалявалі сітуацыю.

І, напрыклад, высветлілася, што на ўвесь абласны цэнтр няма ніводнага (!) дзіцячага артапеда-траўматолага.
Менавіта з гэтай прычыны ў горадзе ў мінулым годзе дзецям было зроблена ўсяго сем артапедычных аперацый, у той час як у менш населеным Магілёве — больш за 700, у Віцебску — амаль 500… А вось гомельскіх дзяцей, пра якіх так клапаціўся спадар Якабсон, што даслужыўся да галоўнага кантралёра краіны, трэба везці ў Мінск, таму што ў родным горадзе ім дапамагчы не могуць. І, вядома, не заўсёды давозяць, таму што далёка і дорага.

Адлавіць доктара, які спазніўся на пяць хвілін да пачатку прыёму — гэта дзяржаўная задача, клопат пра дысцыпліну, і тут Якабсон са сваёй арміяй усіх на заметку бярэ і ва ўсе СМІ дакладвае. Шум стаіць на ўсю краіну: «Дысцыпліна, парадак, улада…». Але на чыім сумленні будуць гомельскія хворыя дзеці, якім своечасова не дапамаглі? Дзяржкантроль не цікавіць гэтае пытанне?

Нічога добрага няма ў салдафонскіх парадках. Нічога разумнага не зрабілі тыя, хто, атрымаўшы дурны загад на ўжыванне «андропаўскіх мераў», тупа ўзяў пад казырок.

Тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, — ганьба і дэманстрацыя таго, як любая добрая ідэя можа быць даведзеная да абсурду.
Толькі гэта і ўмеюць унтэр-прышыбеевы (яшчэ Чэхаў пісаў) — гарлапаніць благім голасам: «Наррод, расходись! Не толпись! По домам!» А вось нармальны шпіталь для дзяцей пабудаваць ім не па сілах.

Ад аўтара: усе дадзеныя пра дзіцячыя захворванні ў Гомелі ўзятыя з мясцовых дзяржаўных СМІ. Яны калі і схлусяць, то ў бок згладжвання праблемы.

0
Абазнаны / Адказаць
07.06.2011 / 12:50
Родны горад Якабсона -- Светлагорск, дзе ён кіраваў вертыкаллю да гомельскага перыяду.
0
Недаверлівы / Адказаць
07.06.2011 / 13:07
Хай разгойдваюць човен, які даўно плыве бяз вёслаў
0
Anatol Starkou / Адказаць
07.06.2011 / 13:09
Тое што лукашысцкая ўлада зрабіла 19 снежня 2010 і пасля оного не нармальная з'ява для грамадства, а ракавая інфекцыя. Бо нелегітымная ўлада робіць з усіх нас унтэр-прышыбеевых, і гэта здрада і шкодніцтва. Бо ніякіх так званых нацыянальных інтарэсаў=інтарэсаў беларускага народа - стратэгічных або тактычных - для такога вычварэнствы нацыі не было і няма.
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру