Грамадзкая арганізацыя «Руханіят» (Духоўнасьць) прысудзіла Аляксандру Лукашэнку міжнародную прэмію «Чалавек году-2006», паведамляе ІА «АКІpress» са спасылкай на выданьне «Слова Кыргызстана».
Разам з гэтым ганаровым званьнем, адзначае агенцыя, яго ўладальнік атрымлівае дыплём, мэдаль «Руханіят», бронзавую статуэтку «Тулпар-лятун» (чароўны конь), а таксама нацыянальныя кыргыскія строі: чэпкен (падвід халата) і «калпак» (галаўны ўбор). У асаблівых выпадках ляўрэату, як паведамляецца, могуць уручыць сапраўднага каня і беркута.
У лісьце арганізацыі прэзыдэнт ахарактарызаваны як выдатны палітычны і дзяржаўны дзеяч, слаўны сын беларускай зямлі, які аддае ўсю сваю энэргію, веды і досьвед бескарысьіваму служэньню беларускаму народу».
Асацыяцыя Руханіят была створана ў 1992 г. У яе ўваходзяць грамадзкія і дзяржаўныя дзеячы Эгіпту, Казахстану, Кітаю, Кіргізіі, Расеі, Турцыі, Узбэкістану. Ранейшымі атрымальнікамі прэміі былі пісьменьнік Чынгіз Айтматаў, экс-прэзыдэнт Кіргізіі Аскар Акаеў, амэрыканскі прадпрымальнік Джордж Сорас, прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін ды іншыя.