Абарона Аляксандра Класкоўскага, аднаго з фігурантаў справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года, абскардзіла прысуд, вынесены яму судом Ленінскага раёна.

Прысуд абскардзіў і сам Аляксандр Класкоўскі. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА № 1 ГУУС Мінгарвыканкама ў камеры для былых супрацоўнікаў міліцыі, паведамляе БелаПАН.

Ён напісаў заяву аб пераводзе з СІЗА № 1 у калонію, не чакаючы вынікаў разгляду касацыі. Як былы супрацоўнік міліцыі, ён разлічвае трапіць у калонію «Віцьба-3» пад Віцебскам. Такой гарачынёй вязням на Валадарцы надзвычай цяжка. У камерах невыносная духата.

Нагадаем, былы супрацоўнік міліцыі абвінавачваўся па гг. 1 і 2 арт. 293 (арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 382 (самавольнае прысваенне звання ці ўлады службовай асобы) Крымінальнага кодэкса. 26 мая суд прысудзіў яго да пяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?