Лукашэнка вітае прыход у Беларусь буйных кітайскіх кампаній, якія працуюць у сферы высокіх тэхналогій. Пра гэта ён заявіў 7 чэрвеня на сустрэчы ў Мінску з кіраўніцтвам Кітайскай прамысловай карпарацыі «Вялікая сцяна».

«Мы добра дасведчаныя аб дзейнасці вашай кампаніі, аб тых грандыёзных праектах, якія вы рэалізуеце з 1980 года, і мы зацікаўлены ў супрацоўніцтве з вашай кампаніяй», — падае словы Лукашэнкі яго прэс-служба.

Ён адзначыў, што ў бакоў ёсць «шматмільённыя праекты ў сферы высокіх тэхналогій, па якіх дамовіліся супрацоўнічаць».

«Тым не менш мы гатовыя разгледзець любыя вашыя прапановы па вашай дзейнасці ў Беларусі і гатовы таксама прапанаваць вам шэраг праектаў, якія мы маглі б ажыццявіць разам, выгадных для абодвух бакоў», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Кітайскай прамысловай карпарацыі «Вялікая сцяна» Інь Лімін паведаміў, што мэтай прыезду кітайскай дэлегацыі з’яўляецца рэалізацыя праекта стварэння спадарожнікавай сувязі для Беларусі, а таксама іншых праектаў у галіне высокіх тэхналогій.

«Вельмі спадзяёмся пачаць супрацоўнічаць з Беларуссю ў галіне спадарожнікавай сувязі, спадарожнікавага дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, а таксама іншых галінах высокіх тэхналогій, каб прасоўваць наша двухбаковае ўзаемадзеянне», — сказаў кіраўнік карпарацыі.

Кітайская прамысловая карпарацыя «Вялікая сцяна» з’яўляецца найбуйнейшай дзяржаўнай кампаніяй КНР, якая ажыццяўляе камерцыйныя запускі і пастаўку спадарожнікаў, а таксама займаецца развіццём міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне касмічнай тэхнікі.

Нароўні з вытворчасцю касмічнай прадукцыі і аказаннем паслуг у сферы касмічных тэхналогій кампанія з’яўляецца пастаўшчыком новых крыніц энергіі і матэрыялаў, інфармацыйна-электроннай прадукцыі, нафтавага і нафтахімічнага абсталявання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?