Абвяржэнне з’явілася на блогу «Microsoft для прэсы».

«Сёння ў сродках масавай інфармацыі было апублікавана паведамленне, у якім гаварылася аб магчымай перадачы карпарацыяй Microsoft спецслужбам Расійскай Федэрацыі шыфравальных алгарытмаў, якія выкарыстоўваюць у Skype. Гэтая інфармацыя заснавана на няправільным тлумачэнні слоў прэзідэнта Microsoft у Расеі Мікалая Пранішнікава і не адпавядае рэчаіснасці.

У сваім выступе на прэс-канферэнцыі ў рамках форуму „Business Models Media & Telecom 2.0: Ключавыя стратэгіі манетызацыі“ Мікалай Пранішнікаў адзначыў, што здзелка са Skype яшчэ не завершана. Для яе закрыцця ў адпаведнасці з заканадаўствам патрабуецца ўхвала рэгулятараў рынку, якога яшчэ не было. Акрамя таго, Мікалай Пранішнікаў адзначыў, што Microsoft нязменна кіруецца палітыкай супрацоўніцтва з дзяржавай. На працягу многіх гадоў Microsoft падае ФСБ зыходныя коды да прадуктаў карпарацыі. У перспектыве ў лік такіх прадуктаў можа ўвайсці і Skype.

У выступе Мікалая Пранішнікава наогул не згадваліся алгарытмы шыфравання.

Журналістам, якія рыхтавалі інфармацыю, быў няслушна вытлумачаны тэрмін „зыходныя коды“. Між тым, гаворка ідзе пра зусім розныя паняцці. Як вядома, зыходны код — праграмная аснова прадукту, у той час як алгарытм шыфравання — спосаб абароны інфармацыі.
Калі ж гаворка ідзе аб абароне прыватнай інфармацыі, то яе абарона з’яўляецца асноўным прыярытэтам кампаніі, ніякая цэнзура ці маніторынг гэтай інфармацыі не прадугледжаны.
У адпаведнасці з законамі любой краіны, у якіх працуе сэрвіс, уключаючы Расію, кампанія прадастаўляе патрабаваную прыватную інфармацыю па запыце праваахоўных органаў пры наяўнасці адпаведнага рашэння суда», — гаворыцца ў паведамленні на блогу.

Калі зыходныя коды Skype патрапяць у ФСБ, гэта стане завяршэннем шматгадовага супрацьстаяння расійскіх спецслужбаў з адміністрацыяй сэрвісу. Зыходнікі дазволілі б спецыялістам ФСБ правесці аўдыт праграмы на прадмет выяўлення «дзюр», у тым ліку для праслухоўкі.

Расійская дзяржава даўно патрабавала адкрыць зыходнікі Skype. Але амерыканская штаб-кватэра Skype да продажу кампаніі Microsoft заўсёды супраціўлялася гэтым спробам.

У заходніх кампаній ёсць вопыт супрацьстаяння спробам спецслужбаў атрымаць дадзеныя аб кліентах, якія выходзяць за рамкі расследаваных крымінальных спраў. На Захадзе абмежаваць «слівы» можа пагроза публічнага скандалу і мільённых штрафаў, у дыктатарскіх краінах такіх інструментаў няма. Калі на Захадзе спецслужбы атрымліваюць доступ да прыватных звестак для атрымання інфармацыі пра злачынствы, дыктатарскія рэжымы спрабуюць выкарыстоўваць новыя тэхналогіі для татальнага сачэння за грамадзянамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?