Пасля помнага інтэрв’ю, калі музыкі адмовіліся разумець беларускую мову, The Toobes на час зніклі з далягляду СМІ і не давалі сольных канцэртаў у Мінску. Пасьля выхада новага сінгла «Heartbeat» і сумеснага канцэрта ў Пецярбургу з гуртом Ліама Гэлахера Beady Eye, удзельнікі The Toobes далі экслюзіўнае інтэрв’ю «Тузіну Гітоў» у якім распавялі пра свае мары і сны, новы сінгл і будучы альбом, а таксама пахваліліся тым, што часта карыстаюцца беларускай мовай на канцэртах і падчас інтэрв’ю.

The Toobes з Ліамам Гэлахерам.

The Toobes з Ліамам Гэлахерам.

The Toobes ТГ: Вашыя ўражаньні ад выступу з новым гуртом Ліама Гэлахера?

Стас Мурашка (бас): Адчулі ў сабе моц і натхненне пасьля таго, як датыкнуліся да сучаснай легенды рок-н-рола.

Стас Ламакін (бубны, вакал): Было цяжка даць веры ў тое, што гэта сапраўды адбудзецца. У мінулым у адным з інтэрв’ю мы заявілі, што з кім бы мы дакладна хацелі сыграць на адной сцэне дык гэта з Oasis. Выходзіш на сцэну, а тамака апарат з 90-х, на ўсім стаіць лога

Oasis, во якое дзіва. Пасля першай песні нас трошкі адпусціла, усё прайшло выдатна. Мяркуем, што гэта быў адзін з найлепшых нашых сэтаў.

ТГ: З Гэлахерам давялося паразмаўляць?

Косця Пыжоў (гітара): Сустрэча была. Да апошняга моманту ня ведалі, чаго чакаць ад Гэлахера і яго музыкаў. Яны выявіліся нармальнымі дзядзькамі, няхай і трохі больш аддаленымі ў размове, чым Franz Ferdinand. Адміністрацыя «ГлавClub» сказала, што Ліам нават адмыслова прыехаў раней, каб паслухаць наш выступ.

ТГ: Як вы самі ўспрымаеце свой новы сінгл «Heart Beat» — гэта працяг альбома «Hello» ці новая старонка?

Стас Мурашка: «Hello» — гэта пачатак гісторыі The Toobes, «Heartbeat» — яе працяг. Мы захоўваем нейкае ядро, якое ідэнтыфікуе наш гурт і нас як музыкаў, але пры гэтым рухаемся наперад, шукаем новыя для сябе гучанні і натхненні. У тым ліку ў музыцы мінулых гадоў. Яе выканаўцы ўжо ў музеях і зараз эстафетная палачка рок-н-рола ў нас.

ТГ: Пасьля выдання дэбютніка падалося, што гурт сышоў у цень. Якімі дасягненнямі можаце пахваліцца за гэтыя амаль два гады?

Стас Ламакін: Недзе трохі больш за год мы не лезлі ў прэсу, на тэлебачанне, бо ў пэўны момант увагі з боку СМІ стала зашмат і нас гэта трохі задзяўбло. Ну і не рабілі вялікіх сольнікаў у Мінску, каб вытрымаць нейкую паўзу. Але канцэртаў было шмат — у Мінску ды іншых гарадах Беларусі, а таксама ў Маскве, Піцеры, Кіеве, у Польшчы, Лiтве.

Стас Мурашка: За паўтара году мы наматалі у гастролях больш за 30 тысяч кіламетраў і нават знялі пра гэта аднайменны кліп. Між тым напісалі песень на два новыя альбомы і адзін з іх ужо запісалі.

ТГ: Калі наважыцеся на сольны выступ у Мінску?

Косця Пыжоў: З музычнага боку можам зрабіць сольнік хоць зараз. Але зразумела, што для гэтага павінна быць нейкая добрая нагода. Такая будзе ўвосень, калі павінен выйсці новы альбом.

ТГ: Дык ці ўдалося падвучыць беларускую мову за час маўчання?

Стас Ламакін: Родную мову ведаем нармальна, нават часам размаўляем на сваіх канцэртах па-беларуску. Апошнім часам далі некалькі інтэрв’ю на беларускай у Польшчы. Часам даводзіцца адмыслова рыхтавацца, але гэта не праблема. У беларускай мовы ёсьць і сучаснасць, і будучыня. Мы ў гэта верым.

ТГ: Як на ваша меркаванне, ці маюць перспектыву гурты, якія спяваюць па-беларуску?

Косця Пыжоў: Перспектывы маюць усе. Беларускамоўных гуртоў сярод нашых улюбёных пакуль няма, але вельмі чакаем. Пытанне тут найперш усё ж не ў мове, а ў музыцы, якая будзе адпавядаць нашаму густу.

ТГ: Вы самі трымаецеся ў спевах выключна англійскай мовы. Гэта спадзеў на сусветнае прызнанне альбо сапраўды думаеце і сніце сны па-англійску?

Стас Мурашка: Мы снім сны пра сусветную вядомасць, мы мроім пра яе і прагнем гэтага ўсімі фібрамі нашай душы. Але спяваем мы на англійскай толькі таму, што нам так падабаецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?