У Еўрасаюзе скептычна глядзяць на запыт Беларусі сродкаў у Міжнароднага валютнага фонду. «ЗША і ЕС маюць вырашальны голас пры вызначэнні таго, ці будзе выдзелены запрошаны крэдыт», — нагадаў дыпламат адной з краін Еўрасаюза, з якім размаўляў рэпарцёр «Нашай Нівы». Ён выказаў меркаванне, што «пры нязменнасці палітычных абставін шанцы на тое, што Беларусь атрымае крэдыт МВФ, роўныя нулю».

Міжнародны валютны фонд не займаецца палітыкай, а выключна эканомікай, прызнаў ён. Аднак краіны, якія маюць уплыў на яго рашэнні, «не могуць заплюшчыць вочы на сітуацыю».

Нагадаем, што Беларусь, скручаная фінансавым крызісам, запрасіла ў МВФ ад 3,5 да 8 мільярдаў даляраў пасля таго як у крэдыце ў патрэбных Мінску памерах адмовіла Расія.

Дыпламат заявіў, што «ніякіх канкрэтных размоваў з Мінскам не вядзецца», а сігналы, якія «Мінск, можа, і пасылае, несур’ёзныя і непаслядоўныя».
Ён прывёў прыклад заявы, зробленай Аляксандрам Лукашэнкам у Астане, аб магчымым вызваленні палітвязняў і наступным найбольшым прысудзе Мікалаю Статкевічу і Дзмітрыю Усу. Ён таксама згадаў новыя абмежаванні свабоды СМІ, у прыватнасці, пагрозу закрыцця «Народнай волі» і «Нашай Нівы».

У выпадку нязменнасці сітуацыі, на думку дыпламата, Еўрасаюз працягне палітыку ігнаравання.

Адносна эканамічнай сітуацыі, дыпламат выказаў меркаванне, што «ствараецца ўражанне, што ўлады Беларусі нічога не робяць». Паводле ягоных словаў, з місіяй МВФ перамовы вядуць чыноўнікі з урада, але ўсе ведаюць, што рашэнні прымае не ўрад.

Паводле ацэнак дыпламата, не выключана развіццё эканамічнага крызісу па спіралі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?