Двое дзікіх сланоў уварваліся сёння ў горад Майсур у паўднёва-заходнім штаце Індыі Карнатака. Як паведамілі ў праваахоўных органах, жывёлы ўчынілі пагром на адным з рынкаў. Супрацоўнік аховы, які спрабаваў іх утаймаваць, загінуў, некалькі чалавек атрымалі траўмы.

Да месца здарэння былі выкліканыя паліцэйскія і работнікі мясцовага заапарка. Аднаго слана атрымалася ўсыпіць, другі ўсё яшчэ разгульвае па горадзе. Жыхарам Майсура рэкамендавана не выходзіць на вуліцу.

З пачатку гэтага года ў Індыі дзікія сланы ўжо не раз нападалі на населеныя пункты. У студзені ў цэнтральным штаце Чхатысгарх статак раз’юшаных жывёл знішчыў невялікі пасёлак, пакінуўшы без даху над галавой больш за сто чалавек. Падобнае здарэнне адбылося ў тым жа месяцы ў штаце Тамілнад — больш за 20 сланоў прыйшлі з джунгляў і разграмілі цэлую вёску.

У Індыі слон шануецца як нацыянальная жывёла і знаходзіцца пад дзяржаўнай абаронай. Папуляцыя іх у краіне складае 26 тыс. асобін. Аднак за апошнія некалькі гадоў ад агрэсіі дзікіх сланоў у Індыі загінулі сотні людзей. Прычынай нападаў гэтых жывёл на населеныя пункты эксперты называюць актыўную гаспадарчую дзейнасць чалавека ў месцах іх пражывання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?