Белкаапсаюз прапануюе набываць у крэдыт не толькі прамысловыя, але і харчовыя тавары. Чым рызыкуе спажывец ва ўмовах росту

 Аб'ява ў краме ў Ждановічах. Фота «Еўрарадыё»

Аб'ява ў краме ў Ждановічах. Фота «Еўрарадыё»

Гандлёвыя прадпрыемствы Белкаапсаюзу прапануюць набываць тавары ў крэдыт. І не толькі прамысловыя, але і харчовыя. На ўваходах у крамы сталі з’яўляцца адпаведныя абвесткі. Чытачка «НН» паведаміла ў прыватнасці, што ў яе краме харчовыя тавары прадаюць у крэдыт без працэнтаў з адтэрміноўкай на 1-4 месяцы, прамысловыя тавары — да 6 месяцаў пад стаўку рэфінансавання. Пакупнікоў пры гэтым цікавіць, ці варта давяраць такім крэдытам, зважаючы на імклівы рост цэнаў.

Ці не давядзецца потым плаціць індэксацыю, калі цукар, ці штосьці іншае ізноў «пасмачнее» на 20-30%.

Па тлумачэнні мы звярнуліся ў прэс-службу Беларускага рэспубліканскага саюзу спажывецкіх таварыстваў. Там расказалі, што продаж тавараў у крэдыт практыкуецца досыць даўно. А ўмовы выдачы крэдытаў распрацоўваюцца на месцах самастойна. У прэс-службе супакоілі: індэксацыя цэнаў на тавары, набытыя ў крэдыт, не прадугледжваецца. Так, згодна з загадам Міністэрства гандлю № 36 ад 29 красавіка 1996 «Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку продажу тавараў у крэдыт» падобныя аперацыі адбываюцца па цэнах, якія дзейнічаюць на момант продажу. Наступнае змяненне цэнаў на прададзеныя ў крэдыт тавары не цягне за сабой пераразліку. Цалкам азнаёміцца з дакументам можна на сайце Мінгандлю.

У любым выпадку, параілі ў прэс-службе Белкаапсаюзу,

перш чым ўзяць крэдыт, трэба ўважліва азнаёміцца з умовамі яго атрымання і пагашэння, каб пазбегнуць у будучыні магчымых непрыемнасцяў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?