9–17 ліпеня 2011 г., парафія Божага провіду ў Слабодцы (Віцебскай вобл., Браслаўскі р-н)

У Беларусі ўжо адбылося некалькі мерапрыемстваў кансультацыяў людзей, прыналежных да розных канфесій, якія бачаць важнасць у пашырэнні ўжывання беларускай мовы ў царкоўных асяродках, а таксама непасрэдна займаюцца перакладамі на беларускую са старажытных і сучасных моваў. Найбольш фундментальным пытаннем для гэтай працы з’яўляецца адсутнасць перакладу на беларускую мову тэксту самай галоўный для хрысціян кнігі — Бібліі. Справа ў тым, што ва ўжытку існуюць розныя варыянты тэкстаў, аднак, альбо яны зробленыя не з мовы-арыгіналу, часта з вялікай колькасцю памылак, альбо той варыянт беларускай мовы, якім карыстаўся перакладчык, не заўжды тэрміналагічна вытрыманы, часта далёка ад літаратурнага. Праблема стварэння сучаснай беларускай Бібліі — вельмі актуальная, і часта спараджае імкненне асобных аўтараў узяцца за гэтыю грандыёзную працу ў адзіночку, але ўрэшце, такая праца, хоць і мае быць ацэненая як годная, усё ж не набліжае нас да стварэння такога тэксту, які б быў прыдатным не толькі для асабістага ўжывання вернікаў, але і для навуковага і літаратурнага вывучэння.

Сярод мерапрыемстваў, пакліканых для каардынацыі метадычнай і ўласна перакладніцкай працы, варта адзначыць семінар і круглы стол перакладчыкаў «Шмат традыцыяў — адна мова», які адбыўся ў Менску 23–24 кастрычніка 2010 г. Там, апроч абмеркаванняў праблем і перашкодаў на шляху да стварэння беларускай Бібліі, абмяркоўваліся і стратэгіі іх пераадолення. У прыватнасці, былі прапанаваныя некалькі кірункаў па развіцці навуковай, філалагічнай і метадычнай базы для будучага перакладу, сярод іх, такія, як 1) збіранне ўсіх істных старажытных і сучасных перакладаў Бібліі на беларускую мову, іх змяшчэнне ў агульную базу, аналіз і каментаванне як прынцыпаў перакладу, так і асобых лексічных адзінак, у т.л. імёнаў уласных, характэрных для таго ці іншага аўтара ці групы аўтараў; 2) пашырэнне бібліістычных даследаванняў, у т.л., звязаных з пошукам адэкватных сэнсу і паэтыцы тэкста перакладніцкіх стратэгій; 3) падрыхтоўка інтэрлінеарнага перакладу Біблійнага тэксту з адпаведных старажытных моваў на сучансную літаратурную беларускую; 4) падрыхтоўка слоўнікаў, у т.л. багаслоўскага, тэрміналагічнага, якія могуць стаць дапаможнікамі для перакладчыкаў; 5) пошук адэкватнай беларускай адаптацыі тэрмінаў і імёнаў уласных; 6) каардынацыя дзеянняў у галіне перакладу Бібліі.

Цэнтр «Экумена» на ласкавае запрашэнне настаяцеля парафіі Божага провіду ў Слабодцы кс. Сяргея Сурыновіча, праводзіць працоўна-духоўны летнік для тых, хто гатовы ахвяраваць сваім часам і высілкамі, каб ажыццяўляць рух у пазначаных вышэй кірунках. Для гэтага праграма ў летніку будзе падзеленая на некалькі рознага кшталту аспектаў:

навучальныя сесіі — развіццё тых ці іншых здольнасцей і навыкаў, патрэбных для ажыццяўлення перакладніцкай дзейнасці (у т.л. семінары па бібліістыцы, старажытна-грэцкай мове, асобных багаслоўскіх праблемах),

працоўныя сесіі — выкананне той ці іншай працы ўдзельнікам семінара ў вызначаных вышэй кірунках (адлічбоўка тэкстаў, вычытка, праца над слоўнікам, аналітычная праца з тэкстамі і г.д., у залежнасці ад надзённай патрэбы і падрыхтоўкі ўдзельніка),

духоўныя сесіі — безумоўна, духоўнае жыццё пастаяннае і ні на якія сесіі не дзеліцца, але ў летніку будзе прысвячацца асаблівы час для супольнага і індывідуальнага духоўнага жыцця: малітвы, разборы Святога Пісання, удзел у Еўхарыстыі (для ўдзельнікаў-каталікоў), знаёмства з духоўнымі скарбамі розных канфесій. Мяркуецца, што летнік будзе насіць не проста міжканфесійны, але і экуменічны характар, каб прадстаўнікі розных хрысціянскіх супольнасцей вучыліся жыць і разумець адзін аднога.

рэкрэацыйныя сесіі — адпачынак, культурная праграма, размовы. Парафія Божага провіду знаходзіцца ў, як цяпер кажуць, экалагічна чыстай зоне, на землях беларускага Паазер’я, на беразе цудоўнага возера, у зацішным куточку Браслаўшчыны.

Умовы побыту:

Удзельнікі размесцяцца ў прыходскім доме, дзе ёсць прыбіральня і душ з гарачай вадой. Пакоі — рознага ўзроўню камфорту, пераважна спаць давядзецца на карыматах або цюфяках у спальных мяшках. Харчаванне арганізуецца сіламі прыходу, аднак заўжды будзе вітацца дапамога ўдзельнікаў па прыгатаванні страваў, прыбіранні і мыцці посуду. Ёсць бесправадны інтэрнэт, просьба прыяжджаць з ноўтбукамі.

Умовы аплаты:

У якасці аплаты будуць прымацца дабраахвотныя ахвяравання ўдзельнікаў у межах, якія ім можа дазволіць іх асабісты бюджэт. Вялікую частку расходаў прымае на сябе прыход Божага провіду, а таксама арганізатары летніка.

Удзельнікі самастойна аплочваюць свой праезд да Слабодкі. Калі нехта з удзельнікаў будзе дабірацца аўтамабілем, то можна будзе скаардынавацца, каб ехаць разам.

Удзельнікі: 15–20 чалавек, летнік носіць міжканфесійны характар, да ўдзелу запрашаюцца асобы, незалежна ад іх веравызнання.

Удзел асобаў з абмежаванымі магчымасцямі: Да ўдзелу ў Летніку запрашаюцца таксама асобы з абмежаванымі магчымасцямі. Пытанні транспартавання і побыту такіх асобаў у Летніку ўзгадняюцца з арганізатарымі асабіста.

Працоўная мова: беларуская.

Каардынатары:

пытанні датычна праграмы летніка: Наталля Васілевіч (тэл.: +375293461493)

пытанні датычна побыту ў летніку: кс. Сяргей Сурыновіч (тэл. ++375297153668)

Прыкладная праграма:

8.00 — 8.30 Ранішняя «духоўная сесія»

8.30 — 9.00 Сняданак

9.00 — 9.20. Планаванне працы

9.20 — 12.00 Навучальная/працоўная сесія (з перапынкамі)

12.30 — 15.00 Абед, вольны час, адпачынак

15.00 — 18.00 Навучальная/працоўная сесія (з перапынкамі)

18.00 — 19.00 Вечаровая «духоўная сесія», вольны час

19.00 — 19.30 Вячэра

19.30 — 23.00 Вольны час, культурная праграма, апцыянальна: навучальная/працоўная сесія

Цягам летніку таксама будуць праводзіцца дыскусіі і круглыя сталы па бачанні далейшай працы, супрацоўніцтва з іншымі суб’ектамі, аналізу працы, якая праводзіцца на дадзены момант.

У нядзелю — больш часу прысвячаецца «духоўнай сесіі», вольнаму часу, культурнай праграме

Просім да 20 чэрвеня даслаць заяўку ад сваім удзеле ў Летніку да 20 чэрвеня 2011 г. на адрасе: [email protected] (Наталля Васілевіч).
Звяртаем увагу на тое, што колькасць месцаў абмежаваная. Даводзім да Вашай інфармацыі, што пры немагчымасці ўдзелу ва ўсёй працягласці Летніка па дамоўленасці з арганізатарамі дапушчальна ўзяць удзел у адным ці некалькіх працоўных днях праграмы. Пры запаўненні заяўкі, калі ласка пазначце, цягам якога часу Вы зможаце браць удзел у праграме.

Да запрашэння прыкладаецца заяўка на ўдзел у Летніку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?