23.12.2006 / 00:08

Грошы з "Пагоняй" чакаюць свайго часу? Кропкі над"і" 11

А можа, вярхам яшчэ спатрэбіцца і галава прафэсара Багданкевіча. Піша Аляксандар Класкоўскі.

Банкір на ўсе палітычныя калізіі глядзіць са сваёй званіцы. Сёньня давялося гутарыць са Станіславам Багданкевічам. Былы кіраўнік Нацбанку лічыць: Расея наладзіла нафтагазавы шантаж з мэтай дамагчыся ўвядзеньня адзінага рубля. Ва усякім разе, гэта адна з самых жаданых мэтаў.

"Улады сёньня цытуюць мяне без спасылкі", — жартуе прафэсар Багданкевіч.

А гаворка вось пра што. У 2003 годзе, калі Масква ўпершыню рубам паставіла пытаньне адзінай валюты, Аляксандар Лукашэнка раптам згадаў пра інтэлект сваіх палітычных апанэнтаў.

На адной нарадзе прагучала: ёсць жа і ў апазіцыі, маўляў, пара-тройка разумных галоваў. Вазьміце таго самага Багданкевіча...

Былы старшыня ўправы Нацбанку кажа, што "гэта быў хітры ход. Афіцыйны кіраўнік загадзя ведаў маё скептычнае стаўленьне да пераходу на расейскі рубель... Дні за тры да той нарады мяне разам з шэрагам незалежных экспэртаў ужо запрашалі на дыскусію да Пракаповіча".

Так што ўлада, калі прыпячэ, умее скарыстацца і апальнымі мазгамі. Тады паказалі Пуціну: глядзі, што да адзінай валюты, дык у нас поўнае супадзеньне думак улады і апазыцыі! Таму адкладзем той праект да лепшых часоў (а між тым ужо ўсе тэрміны былі расьпісаныя: зь 1 ліпеня пускаем у абарачэньне безнаяўны расейскі рубель і г.д.).

Менавіта тады Багданкевіч у ліку іншага падкінуў і дыпляматычную тэзу, зручную для перамоваў з Расеяй. Маўляў, адзіная валюта мусіць быць хіба вянцом усяго працэсу. Нельга будаваць дом з даху.

На практыцы гэта азначала, што пытаньне адкладаецца на сьвятое ніколі. Бо ўжо тады было відавочна: улагодзіць, гарманізаваць увесь комплекс дачыненьняў у межах бутафорскай "саюзнай дзяржавы" бакі ня змогуць апрыёры, бо кожны цягне коўдру на сябе.

Потым афарызм пра "вянец" раз-пораз пачалі ўжываць беларускія начальнікі, калі Масква чарговы раз прыціскала ў пытаньні аб'яднаньня грашовых сыстэмаў.

Журналісты неяк спыталіся ў Багданкевіча: а ці разумееце вы, што тым разам сталі толькі картай у палітычнай гульні?

Сапраўды, камусьці з апазыцыянераў зручней фігураваць у белых пальчатках. Ніякіх кампрамісаў з рэжымам!

Багданкевіч жа адказаў: "Калі хоць трохі паспрыяў тады беларускаму суверэнітэту, дык гэта ўжо апраўдана. Рэжым рана ці позна зьменіцца. А незалежнасьць будзе назаўсёды".

Дарэчы, цалкам імаверна, што і па сёньня ў сховішчы ляжаць грошы з "Пагоняй", якія старшыня ўправы Нацбанку Багданкевіч замовіў у Нямеччыне за часамі Кебіча. Меркавалася, што нармалёвая валюта прыдзе на зьмену "зайчыкам", калі ўтаймуецца інфляцыя.

Але тут пачалася прэзыдэнцкая эра, і ў ліку іншага скасавалі сымболіку.

А за тыя мяхі купюраў з "Пагоняю" немцам заплацілі пад 20 мільёнаў даляраў. Шкада нішчыць!

"Мне зараз, натуральна, не дакладаюць, але ня выключана, што тыя грашовыя блянкі і дасюль ляжаць у сховішчы. Чакаюць свайго часу!" — смяецца Багданкевіч.

Аляксандар КЛАСКОЎСКІ.

0
Аматар грошай з Пагоняй / Адказаць
23.12.2006 / 10:29
Усё правільна. Толькі трэба было б дадаць, што грошы з "Пагоняй" Кебіч замовіў паводле настойлівага патрабаваньня Пазьняка.
0
Аляксандар КЛАСКОЎСКІ 2 Аматар грошай з Пагоняй / Адказаць
23.12.2006 / 13:17
Наколькі я разумею :), тады гэта была дзяржаўная сымболіка, таму адпаведная выява мелася быць на купюрах, як кажуць кампутарнікі, паводле змаўчаньня.
0
Аматар грошай з Пагоняй / Адказаць
23.12.2006 / 19:33
Правільна. Супраць "Пагоні" у той момант Багданкевіч ужо нічога ня меў. Ён бы супраць ўласнай валюты.
Паказаць усе каментары/ 11 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру