Старшыня праўладанага Саюза пісьменнікаў гатовы замяніць праграмныя тэксты.

У інтэрв’ю газеце «ЛіМ» ён раскрытыкаваў творы са школьных падручнікаў.

«На з’ездзе [Саюза пісьменнікаў у кастрычніку 2011] мы не абыдзем такое пытанне, як падрыхтоўка падручнікаў і дапаможнікаў па літаратуры і мове для школ, — заявіў генерал. —

Іншы раз укладальнікі іх проста злоўжываюць даверам грамадства і спрабуюць ўвесці такія творы і ўрыўкі з твораў, якія, скажам, не адпавядаюць духу часу, ідуць насуперак нацыянальнай ідэі нашай краіны, падрываюць сапраўдны дух патрыятызму,

змешваюць паняцці праўды і няпраўды, дабра і зла, таленту і шараговасці. І дарэчы, дзейнасцю такой займаюцца ж граматныя людзі. Можа, яны не разумеюць да канца таго, што робяць? Трэба, пэўна, калегіяльна абмяркоўваць такія дапаможнікі і падручнікі з запрашэннем аўтараў».

Складаннем школьных праграм, на аснове якіх выдаюцца падручнікі, займаюцца спецыялісты Нацыянальнага інстытута адукацыі.

У 2007 годзе ўжо адбыўся перагляд школьнай праграмы па беларускай літаратуры. Тады са спісу аўтараў для вывучэння і пазакласнага чытання былі выкінуты Святлана Алексіевіч, Міхась Скобла, Уладзімір Някляеў і іншых. Адказнасць на сябе ўзяў Аляксандр Лукашэнка.

«Са школьных праграм па маёй ініцыятыве былі выкінутыя ўсе нацыяналісты, так званыя пісьменнікі».

А ўжо праз год генерал Чаргінец «зарэзаў» выхад за дзяржсродкі шэрагу выданняў, падрыхтаваных Інстытутам літаратуры АН. «Група людзей, што негатыўна ставяцца да дзяржавы і ўлады, прапанавала ўнесці ў пералік сацыяльна-значнай літаратуры 6-ці ці 8-мі томнік Ларысы Геніюш, фашысцкага прыхвасня Арсенневу і сямітомнік Законнікава, у якога і двух тамоў не назбіраецца. Калі толькі ўзяць яго больш за 120 публікацый у апазіцыйнай прэсе, скіраваных на падрыў улады, дзяржавы, супраць сацыяльных падвалін дзяржавы».

У сённяшняй праграме па беларускай літаратуры ёсць творы не раз крытыкаваных Чаргінцом Бураўкіна, Барадуліна, Гілевіча, нават Законнікава. І Вольгі Іпатавай з Уладзімірам Арловым, хай сабе і ў спісе пазакласнага альбо самастойнага чытання. А вось твораў самога Мікалая Чаргінца ў спісе літаратуры няма, хоць пра яго і ўзгадваюць на ўроках рускай літаратуры ў тэме «Рускамоўная літаратура Беларусі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?