У Слуцку прайшлі міжнародныя спаборніцтвы па галболе.

У слуцкім спартыўным комплексе «Дэльфін» ўжо пяты год запар праходзяць спаборніцтвы, якія не маюць аналагаў у Беларусі. У гэты раз яны займелі міжнародны маштаб. У пятніцу-нядзелю (3-5 чэрвеня) тут адбыліся спаборніцтвы па галболе, або, як яго называюць у прастамоўі, «футболе для сляпых».

У іх узялі ўдзел каля 80-ці спартсменаў з Беларусі (Віцебск, Орша, Маладзечна, Брэст, Мінск, Слуцк), Расіі і Польшчы. Усяго было 13 жаночых і мужчынскіх каманд.

Так як у гульцоў розная ступень страты зроку, іх у час гульні ставяць у аднолькавыя ўмовы, апранаючы на вочы павязкі.

Ля варот, якія займаюць усю шырыню поля, сядзяць па тры гульца ад кожнай каманды (у зоне абароны, якая абмежавана адмысловымі рэльефнымі арыентыровачнымі лініямі). Кідок сапернікаў з сваёй зоны гульцы не бачаць, а толькі чуюць: у мяч ўбудаваны званочак. Мяч (яго вага больш за 1 кг) павінен альбо каціцца па падлозе, альбо закрануць падлогу ў спецыяльных зонах. У зале пануе бязмоўе. Задача гульцоў — рукамі закінуць як мага больш мячоў у вароты саперніка.

Галбол — від спорту для сляпых і людзей са слабым зрокам. Гульня ўваходзіць у праграму Летніх паралімпійскіх гульняў. Праводзіцца таксама і чэмпіянат свету.

Юрый Бандарэнка, дырэктар спарткомплексу «Дэльфін», у гутарцы з карэспандэнтам газеты «Кур'ер» паведаміў, што правядзенне спаборніцтваў па галболе застаецца некамерцыйнай ініцыятывай іх установы, а Слуцк фактычна стаў сталіцай галбола ў Беларусі.

Па выніках спаборніцтваў сярод мужчынскіх каманд першае месца ў каманды з горада Каралёва (Расія), другое месца занялі гульцы з Беластока (Польшча), трэцяе месца ў мінчукоў.

Сярод жаночых каманд перамаглі таксама гульцы з Каралёва, другое месца ў каманды абласнога ўпраўлення (Мінск), трэцяе — у случчанак.

Як сказалі «Кур'еру» спартсмены з Беластока, гэта іх першы візіт у Беларусь. І яны вельмі рады, што змаглі ўдзельнічаць у спаборніцтвах і ў цэлым з карысцю правесці час на Случчыне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?