У імкненні спыніць рост цэнаў урад пайшоў на крайне антырынкавую меру. Уведзеныя зборы за вываз з краіны прадуктаў і тавараў, ад цыгарэтаў да халадзільнікаў. У выніку на дыспарытэце сусветных і ўнутрыбеларускіх цэнаў будуць нажывацца пасярэднікі, а ў краіне самай запатрабаванай прафесіяй ізноў робяцца кантралёры і мытнікі.

Нормы вывазу прадуктаў і забарона на вываз тавараў за межы Мытнага саюза ўводзяцца з 0.00 гадзін 12 чэрвеня, паведаміла начальніца ўпраўлення тарыфнага рэгулявання мытных пошлін Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Іна Харламянкова.

Такая мера прадугледжана пастановай Савета Міністраў № 755 ад 11 чэрвеня «для забеспячэння эканамічнай стабільнасці дзяржавы і рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на годны ўзровень жыцця».

Учора гэтыя меры абгаворваліся на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і дзяржсакратаром Рады бяспекі Мальцавым.

Дакументам зацверджаны пералік тавараў і нормы іх вывазу. Пры перавышэнні іх неабходна выплаціць спецыяльны збор. У прыватнасці,

збор здзяруць пры вывазе свініны і мяса птушкі, цукру, мукі, сыроў (норма вывазу — 2 кг), масла (1 кг), тытунёвых вырабаў беларускай вытворчасці (2 пачкі), мясных і малочных кансерваў (5 слоікаў).
Збор выплачваецца ў памеры двухразовай сярэдняй цаны названых тавараў. Аплату плацяжу будуць кантраляваць мытныя органы, а на спрошчаных пунктах пропуску — тэрытарыяльныя органы Дзяржпагранкамітэта.

Аплаціць спецыяльны збор неабходна да вывазу тавараў з Беларусі ў беларускіх рублях або замежнай валюце па курсе Нацбанка. Аднак ажыццявіць аплату будзе магчыма і на мяжы, але толькі там, дзе ёсць банкаўскія ўстановы. Рэквізіты Міністэрства фінансаў будуць размешчаны на ўсіх пунктах пропуску.

А вось шэраг тавараў часова зусім забаранілі да вывазу фізічнымі асобамі. Сярод іх бытавыя халадзільнікі і маразільнікі вытворчасці ЗАТ «Атлант», газпліты, цэмент, сінтэтычныя мыйныя сродкі, крупы і макарона.

Мера, прынятая ўрадам, антырынкавая. Па-нармальнаму, трэ было б толькі радавацца, калі ў цябе твой прадукт купляюць. Таксама часам цяжка зразумець логіку чыноўнікаў. Гэтак, мяса ў Беларусі часта каштуе даражэй, чым у суседніх краінах, а бытавая тэхніка прадаецца ў нас па сусветных цэнах.

Абмежаванне вывазу іх мае сэнс толькі ў тым выпадку, калі краіну чакае далейшая дэвальвацыя, спалучаная з замарожваннем цэнаў.
Тады сапраўды можа ўтварыцца разрыў.
Раней стала вядома аб прыняцці аналагічнага абмежавання на вываз паліва.

Непасрэдным наступствам замарожвання цэнаў на некаторыя сацыяльна значныя тавары можа стаць іх дэфіцыт, як днямі сталася з кефірам.

Незалежныя эканамісты ўпэўненыя, што да дзейснага падвышэння дабрабыту людзей могуць прывесці толькі палітычныя перамены краіне: вызваленне асабістай ініцыятывы і пераарыентацыя эканомікі. Меры ж кантролю і размеркавання эфектыўныя толькі на кароткія прамежкі часу.

Спецыялістка Мытнага камітэта падкрэсліла, што абмежаванні і забарона ўведзеныя толькі пры вывазе тавараў за межы Мытнага саюза. Забароны і абмежаванняў на вываз тавараў у Расію і Казахстан няма. Гэта значыць, уведзеныя нормы ўдараць толькі па дробных прымежных гандлярах на межах з Літвой і Польшчай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?