Рэдактар "Газэты выборчай" Адам Міхнік у часе працы ўроцлаўскага Глябальнага форуму падзяліўся сваім бачаньнем сытуацыі ў Беларусі.

— Чаму пацярпела няўдачу палітыка дыялёгу з афіцыйным Менскам і далучэньня Беларусі да Эўропы, якая праводзілася ў 2008-2010 гадах? Яна ж у пэўным сэнсе была выгадная і Лукашэнку.

— У такой палітыцы ёсьць вялікая рызыка. І тое, што адбылося ў Беларусі – гэта вельмі крыўдна, гэта катастрофа. Лёгіка ня толькі эўрапейцаў, але і часткі беларускай апазыцыі была такая, што трэба эканамічна крыху падтрымаць Лукашэнку, каб ён не пайшоў да канца па шляху ў новы СССР. Але не пашанцавала.

— Польскі міністар замежных справаў Радаслаў Сікорскі разам з нямецкім калегам Гіда Вэстэрвэле падчас выбарчай кампаніі наведалі Лукашэнку. За больш-менш сумленныя выбары яму абяцалася фінансавая дапамога. Разам з тым Эўропа, у тым ліку і Польшча, падтрымлівалі апазыцыю, канкурэнтаў Лукашэнкі ў выбарчай кампаніі. Ці не палічыў ён гэта двудушшам, ці не палічыў, што насамрэч Захад хоча яго скінуць?

— Гэта было не двудушша, а двухбаковая палітыка. Ні Сікорскі, ні Вэстэрвэле ніколі не хавалі, што іх мэта – дэмакратычны працэс у Беларусі. Але Лукашэнка іх перахітрыў.

— Цяпер многія лічаць, што Захад, аб'яднаная Эўропа павінны весьці жорсткую палітыку адносна Беларусі, ажно да ўвядзеньня эканамічных санкцый. А якая вашая думка? І дарэчы, як «Салідарнасьць» ставілася да санкцый, якія ЗША ўвялі пасьля ўвядзеньня ў Польшчы ў 1981 годзе ваеннага становішча?

— Скажу шчыра, што я на баку беларускай дэмакратыі і лічу Лукашэнку бандытам і тыранам. Аднак мы бачылі сытуацыі, калі тыраніі ператвараліся ў лібэральны аўтарытарызм.

Я быў за санкцыі ў 1981 годзе, нягледзячы на тое, што некаторыя казалі, што гэта палітыка здрады сваёй радзіме. Але калі лідэры «Салідарнасьці» ўбачылі, што пачалася адліга, запрацавала новая лёгіка. Мы ўбачылі супярэчнасьці ў лягеры ўлады, падзел на кансэрватараў і рэфармістаў. Тое самае было ў СССР у часы Гарбачова.

Я разважаў гэтак жа, як і Андрэй Дзьмітрыевіч Сахараў – што трэба пашыраць гэтую расколіну, трэба ўдзельнічаць у працэсе.

Я мяркую, што такая ж лёгіка адносна Беларусі была ў Сікорскага ў 2008 годзе. Але адзін раз гэта выйграе, іншы раз – прайграе.

— А якой павінна быць заходняя палітыка зараз: жорсткая лінія ці спроба пашырэньня расколіны, якой, магчыма, і няма?

— Пакуль людзі ў турме, няма месца лініі на пашырэньне расколіны і дыялёг. Іх трэба вырваць адтуль. Потым размова магчымая. Але я адносна Лукашэнкі крыху пэсыміст. Я баюся, што ён проста звар'яцеў. Ён зусім ашалеў, усіх баіцца, нікому не давярае.

— Той факт, што Беларусь цяпер з прычыны жорсткай палітыкі Захаду трапляе ўва ўсё большую залежнасьць ад Расеі – гэта мае нейкае значэньне?

— Безумоўна мае. Але параноіку немагчыма рабіць ніякіх саступак. Пасьля гэтых палітычных працэсаў саступкі з боку Захаду былі б вялікай памылкай, якой бы не зразумела дэмакратычная грамадзкасьць Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?