Расповед пра грошы з "Пагоняй" абудзіў яшчэ адну згадку, гумарыстычнага кшталту.
Прыканцы 90-х давялося трохі павандраваць па Эгіпце.
А там на кожным кроку просяць (часам нават патрабуюць) "бакшыш". То бок чаявыя. Незалежна ад таго, наколькі яны заслужаныя. Там трохі іншыя традыцыі, іншая мэнтальнасьць — карацей, гэтая завядзёнка не абцяжараная ніякімі маральнымі згрызотамі.
Ну калі табе валізку ў нумар занесьлі — то яшчэ зразумела. Хаця і ў тым выпадку, калі падарожнік, маючы савецкую вывучку, багажу з рук не выпускае, бакшыш запатрабуюць усё адно.
І нават калі ідзеш па набярэжнай Ніла ў віетнамках (а ў чым яшчэ: +47 у цені!), за табой кілямэтар цягнецца чысьцільшчык абутку з ваксай і шчоткай (бачыце, на здымку за сьпіной). І пры гэтым, як вы ўжо здагадаліся, канькае на сакрамэнтальную тэму: "Бакшыш!". Пакуль не дасі адчэпнага.
Але дзе ты набярэсься тых эгіпэцкіх фунтаў! Гэта багатыя заходнікі ды новыя расейцы сьмецяць грашыма на кожным кроку. А ў нас той валюты, самі разумееце, кот наплакаў.
І вось я стаў сьведкам, як адзін наш суайчынньнік, атакаваны вымагальнікамі, прыдумаў спрытны ход.
Ён зацеміў, што замежнікі даюць бакшыш і сваімі нацыянальнымі купюрамі — рознымі там эўра, далярамі ды швайцарскімі франкамі.
Мясцовы люд і гэтыя прэзэнты браў ахвотна, ведаючы, што ў любым абменьніку атрымае за іх родныя фунты.
І вось кемлівы беларус стаў даваць бакшыш... "зайчыкамі"!
Купюры карысталіся вялікай папулярнасьцю. Іхняга ўладальніка ўмомант сталі ўважаць за нейкага багацея-транжыра.
Уяўляю сабе расчараваньне аматараў бакшышу пасьля візыту ў абменьнік!
Але турыстычны аўтобус тым часам ужо імчаў праз пустыню да новай кропкі маршруту.
Можа, і грэх было так жартаваць над даверлівым людам. Але тут варта зрабіць дзьве рэмаркі.
Па-першае, зусім не шараговы айчынны турыст вінаваты ў тым, што "зайчык" можа лічыцца валютай толькі зь вялікай доляй умоўнасьці.
Па-другое, што да маральнага аспэкту, то зазначу, што і тамтэйшыя насельнікі — вялікія гумарысты.
Нас, напрыклад, добрыя людзі папярэдзілі: не залазьце на вярблюдаў, каб зрабіць экзатычнае фота на фоне пірамідаў!
Там, дарэчы, нават паліцыянты на драмадэрах патрулююць (глядзіце здымак ніжэй).
Дык вось, а хто ня ведаў пра бэдуінскія хітрыкі, дык той мусіў расплочвацца ў літаральным сэнсе. Прычым двойчы.
За дазвол сфатаграфавацца на вярблюдзе гаспадары бралі сымбалічную суму. Замежнік, расплыўшыся ва ўсьмешцы, ад душы пазаваў у розных ракурсах. Але потым высьвятлялася, што самастойна зьлезьці з наравістай жывёліны турыст ня ў стане.
І вось ужо за вяртаньне на грэшную зямлю бэдуіны зьдзіралі поўны тарыф! Як расейцы за газ :)
Так што ваш пакорлівы слуга абачліва сфатаграфаваўся асобна ад драмадэра.
Фота з архіву аўтара.