Да актыўных удзельнікаў пагранічнага інцыдэнту ў «Брузгах» будуць прымененыя адміністрацыйныя санкцыі, ім абмяжуюць выезд за мяжу. Пра гэта заявіў журналістам 13 чэрвеня прэс-сакратар Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Аляксандр Цішчанка.

Паводле яго слоў, 12 чэрвеня прыкладна ў 18.30 каля 300 чалавек перакрылі дарогу ў пункт пропуску «Брузгі» на беларуска-польскай мяжы. На месцы было каля 40 аўтамашын, некаторыя з іх без рэгістрацыйных нумароў. З-за акцыі рух быў паралізаваны да 21 гадзіны. Акцыя адбылася з-за ўваходжання ў сілу пастаноў урада № № 755 і 753, якія тычацца абмежавання вывазу за мяжу тавараў і паліва.

Паводле слоў Цішчанкі, затрымана 15 чалавек, устаноўлена больш за 100 арганізатараў і актыўных удзельнікаў акцыі. Праводзіцца разбор. Цішчанка заявіў, што затрыманыя — актыўныя ўдзельнікі чаўночнага бізнесу. «Вывучэнне баз дадзеных перасячэння мяжы прыводзіць у замяшанне», — сказаў прэс-сакратар. Так, паводле яго інфармацыі, нейкая сямейная пара за 11 чэрвеня 15 разоў перасякала мяжу ў «Брузгах» на пяці аўтамабілях. «Зразумела, што яны займаюцца незаконным вывазам і ўвозам тавараў», — сказаў ён. 60% з вядомых удзельнікаў акцыі — нідзе не працуюць. У той жа час, як адзначыў Цішчанка, чаўнакі добра забяспечаныя, маюць катэджы і па некалькі аўтамабіляў. «Беднымі назваць іх немагчыма», — сказаў ён.

Паводле слоў прэс-сакратара, цяпер ахова мяжы ажыццяўляецца ва ўзмоцненым варыянце разам з мытнымі органамі, спецслужбамі і міліцыяй. Прагназуецца павелічэнне спроб вывазу тавараў і паліва цераз зялёную мяжу. У той жа час, як адзначыў Цішчанка, у пунктах пропуску зафіксавана скарачэнне на 30–40% патоку асоб, якія вывозяць паліва і цыгарэты. Рэалізацыя паліва на прыгранічных АЗС скарацілася ўдвая. Практычна зніклі з мяжы, як адзначыў Цішчанка, «бензавозы» «Фальксваген Пасат» з паліўнымі бакамі на 100 і 120 літраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?