Дзяржаўныя выданні адчуваюць складанае фінансавае становішча. Пра гэта 13 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіў кіраўнік Беларускага саюза журналістаў, рэдактар газеты «Рэспубліка» Анатоль Лемяшонак.

«Пытанне, якое хвалявала і будзе хваляваць усіх, — гэта наша фінансавае становішча. Таму што паліграфія стала значна даражэйшай. Пакуль родны шклоўскі завод не спяшаецца нам нейкія зніжкі рабіць, а наадварот, ёсць спробы ўзяць апошняе з нас», — сказаў Лемяшонак.

Ён адзначыў таксама высокія тарыфы на распаўсюджванне газет поштай. «Напрыклад, «Прессбол», моцнае вельмі выданне, плануе перайсці толькі на інтэрнэт-фармат, бо пошта ўпірае тарыфамі», — адзначыў Лемяшонак.

Паводле яго слоў, у дзяржаўнай прэсы «самаакупнасць высокая», але, калі іх закране крызіс, то давядзецца зніжаць наклады. «Але гэта заказ. Калі дзяржаўнае выданне, то ёсць дзяржаўны заказ. За гэта трэба плаціць. Напрыклад, газета «Рэспубліка» бясплатна публікуе ўкладыш «Экономическая среда». Гэта наогул просьба і дзецішча Сідорскага, на якое ён паабяцаў грошай і нічога не даў. Сёння мы публікуем пастановы, дакументы… Мы паглядзелі — гэта велізарныя грошы. Гэта за год ідзе 500–600 мільёнаў», — расказаў Лемяшонак.

Ён сцвярджае, што сёння газета не атрымлівае датацый. «У спісе, здаецца, ёсць, але не атрымліваем», — сказаў Лемяшонак.

На яго думку, дзяржаўным выданням неабходна праяўляць больш ініцыятывы ў сваіх публікацыях.

«Многія папракаюць нас на апазіцыйных сайтах, расійскія СМІ, што беларуская журналістыка праспала эканамічную сітуацыю.
Вы ведаеце, падшыўкі газет нікуды не дзенуцца. Пагартайце і «Советскую Белоруссию», і «Народную газету», і «Рэспубліку».
Вельмі часта мы пісалі пра гэта, прадказвалі гэтую сітуацыю, мы часам давалі альтэрнатыўныя меркаванні», — адзначыў ён.

Аднак, паводле яго слоў, гэта трэба было рабіць «не так ціха». «Ярка, гучна, прыкметна. Тут

стаіць пытанне аб нейкай лібералізацыі на медыйным полі. Мы павінны крыху ўзяць на сябе адказнасць.
Ну, палаюць нас за штосьці, напэўна, што там тыя ж рэдактары дапусцілі, але не трэба баяцца гэтага. Таму што мы сапраўды праспім усё, што можна», — сказаў ён.

«Вось гэтую нейкую журналісцкую заточку, унутраную, мне здаецца, проста неабходна зрабіць нам усім», — падкрэсліў Лемяшонак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?