На сходзе ў гарадзенскім аблвыканкаме, куды сабралі прадпрымальнікаў, старшыня аблвыканкаму Сямён Шапіра асудзіў дзеяньні пратэстоўцаў на памежным пераходзе «Брузгі». Патрэбу абмежаваць вываз бэнзіну ён патлумачыў тым, што яго вытворчасьць у краіне, па сутнасьці, стратная.

Паводле Шапіры, затрыманых было чатырнаццаць чалавек. Чыноўнік сказаў: «Тое, што ўчора адбылося — гэта ганебнае сярэднявечча. Пытаньні ёсьць, іх трэба вырашаць такім чынам: вы іх задаяце, мы павінны адказваць. Усе мы тут нармальныя людзі, дарэчы, зь зямлі прыйшлі, ня зь неба ўпалі. Мы бачым, што вы прыносіце ў эканоміку валюту, вы даяце станоўчы эфэкт».

Выслухоўваючы праблемныя пытаньні ад прадпрымальнікаў, старшыня аблвыканкаму заўважыў: «Можа, учора была патрэба і неабходнасьць, каб вырашаць вытворчыя, побытавыя і чалавечыя пытаньні, а для кагосьці — каб спэцыяльна ўзбударажыць краіну, паказаць непадпарадкаваньне ўладам. Ёсьць закон: калі адзін чалавек у выніку дзеяньняў стварае нязручнасьці ці іншыя праблемы іншаму чалавеку, то для гэтага ёсьць органы ўлады».

Ён працягваў: «Я вам на пачатку размовы сказаў, што сёньня да мяне даходзіць інфармацыя, што на нейкім пагранпераходзе таксама будуць паказваць непадпарадкаваньне. Я ясна сказаў: калі будзе перакрыты рух, я сказаў: ні за каго не хаваюся, ніякіх кансультацый і перагавораў, ніякіх выклікаў губэрнатара — тут жа АМАП — і навесьці парадак!».

Сямён Шапіра далей сказаў: «Я вас учора папрасіў — давайце адыдзем убок, адновім рух. Не! Вам камусьці хацелася пытаньні ўдакладніць, а камусьці хацелася беспарадкаў. Яшчэ раз, сябры: хто будзе рабіць беспарадкі — бязьлітасна будзе пакараны… Я сказаў: давайце сустрэнемся заўтра. Не — вам трэба было стварыць беспарадкі і паказаць сілу. Сябры, у нас ёсьць адна сіла ў краіне — сіла закону».

Чыноўнік дадаў: «Я ўчора праявіў, відаць… Можа, вопыту не хапала — прыйшоў да вас на сустрэчу з напаўп’янымі, палова п’яных была…». Прысутныя з гэтым не пагадзіліся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?