Улады Венесуэлы зноў абвясцілі аб увядзенні жорсткіх абмежаванняў на спажыванне электраэнергіі насельніцтвам краіны і прамысловымі прадпрыемствамі.

Засуха, выкліканая кліматычных феноменам Эль-Ніньё, праз які ў сезон дажджоў у Венесуэле ў 2009 годзе практычна не было ападкаў, прывяла да наймацнейшага энергетычнага крызісу. Узровень вады ў вадасховішчы ГЭС «Гуры» ў дэпартаменце Балівар, якое выпрацоўвае 73% усёй электраэнергіі ў краіне, панізіўся на дзесяць метраў. У сувязі з гэтым прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес у пачатку 2010 года ўвёў на тэрыторыі краіны надзвычайнае энергетычнае становішча. Яно прадугледжвала, у прыватнасці, падвышэнне платы за электрычнасць, якая расходуецца звыш нормы.

Год таму Чавес адмяніў нармаванае электраспажыванне, патлумачыўшы гэта дажджамі, якія ўрэшце пачаліся, і выкананнем планаў па энергазберажэнні, аднак у апошнія месяцы ў Венесуэле злдарылася некалькі буйных збояў у падачы электраэнергіі.

Згодна з новым урадавым планам, пра які ў панядзелак абвясціў віцэ-прэзідэнт Эліяс Хаўа, дзелавыя ўстановы і прамысловыя прадпрыемствы на працягу месяца абавязаныя знізіць спажыванне электраэнергіі на 10% у параўнанні з аналагічным перыядам 2009 года. Прадпрыемствы, якія не справіліся з эканоміяй, выплацяць 10-працэнтны штраф, які будзе штомесяц павялічвацца на 5%, пакуль энергаспажыванне не знізіцца да патрэбных паказчыкаў.

Аналагічныя патрабаванні і яшчэ больш суровыя фінансавыя санкцыі за іх парушэнне ўводзяцца ў дачыненні да простых жыхароў. У той жа час грамадзяне, якія паспяхова справіліся з пастаўленай задачай, будуць аплачваць электраэнергію са зніжкамі 10–50%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?