ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама доўгі час адмаўлялася сказаць, хто знаходзіўся за рулём дарагога аўтамабіля, хоць на форумах відавочцы сцвярджалі, што кіраваў «Бэнтлі-Кантыненталем» Міхаіл Захараў, які да таго ж быў абсалютна п’яным.

Тым часам грудзьмі на амбразуру легла дзяўчына скнадальнага трэнера. Яна заявіла, што за рулём была яна. Пасля гэтага ДАІ вымушанае было ўжо даць афіцыйныя тлумачэнні і заявіць, што ўсё ж за рулём знаходзіўся мужчына 1962 года нараджэння. Праўда, у ДАІ адмовіліся назваць прозвішча вінаватага ў ДТЗ і сказаць, ці быў ён п’яны (ДАІ мае правіла не разгалошваць асабістых звестак). Была толькі абвешчаная інфармацыя, якая пацвярджала, што кіроўца «Бэнтлі-Кантыненталя» з месца здарэння не ўцякаў.

Інтэрнэт-выданню «Ежедневник» удалося атрымаць афіцыйныя дакументы,

у якіх каротка і ясна апісана, што адбылося з элітнай машынай, хто сядзеў за рулём і ў якім ён быў стане.

Паводле дакументаў ДАІ, за рулём «Бэнтлі-Кантыненталя», дарэчы, цалкам новага — 2011 года выпуску — знаходзіўся не хто іншы, як Міхаіл Захараў. Пры гэтым па вонкавых прыкметах ён сапраўды знаходзіўся ў ап’яненні. Паколькі дзве аўтамашыны атрымалі толькі механічныя пашкоджанні і ніхто з людзей не пацярпеў, супрацоўнікі ДАІ прапанавалі Міхаілу Захараву прайсці медыцынскі агляд. Але знакаміты трэнер адмовіўся гэта зрабіць, на што меў поўнае права. Па законе абавязковы медыцынскі агляд кіроўцы ажыццяўляецца толькі ў тых выпадках, калі ў ДТЗ ёсць пацярпелыя. Аднак Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях адмова ад медыцынскага агляду кваліфікуецца таксама як кіраванне транспартам у стане ап’янення.

Менавіта таму ў дачыненні да Міхаіла Захарава былі складзеныя два адміністрацыйныя пратаколы.

Першы пратакол па арт. 18.16, п.1 (Кіраванне транспартным сродкам асобай, якая знаходзiцца ў стане алкагольнага ап’янення або ў стане, выклiканым ужываннем наркатычных сродкаў, псiхатропных, таксiчных або iншых адурманьвальных рэчываў, або перадача кiравання транспартным сродкам такой асобе, а таксама адмова ад праходжання ва ўстаноўленым парадку праверкi (агляду) на прадмет вызначэння стану алкагольнага ап’янення або стану, выклiканага ўжываннем наркатычных сродкаў, псiхатропных, таксiчных або iншых адурманьвальных рэчываў) КАП Беларусі.

Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне пазбаўленнем правоў кіравання транспартным сродкам да трох гадоў.

Другі пратакол у дачыненні да Міхаіла Захарава быў складзены па арт. 18.22 п.5 (Парушэнне асобай, якая кіравала транспартным сродкам, іншых правілаў дарожнага руху, акрамя парушэнняў, прадугледжаных артыкуламі 18.12–18.16, 18.19–18.21 гэтага Кодэкса i часткамі 1–4 гэтага артыкула) КАП Беларусі.

У выніку атрымліваецца,

што факт знаходжання Міхаіла Захарава за рулём у п’яным выглядзе афіцыйна зафіксаваны не быў, але яго дзеянні ўсё роўна былі ацэненыя па адпаведным артыкуле КАП Беларусі.
Адсюль робіцца зразумела, чаму дзяўчына кінулася абараняць знакамітага трэнера. Відавочна, у іншым стане, чым Міхаіл Захараў, яна магла лёгка прайсці медагляд і не баяцца сур’ёзнай адказнасці.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?