14 чэрвеня ў Беларусі стартуе асноўны этап уступнай кампаніі ў ВНУ. Абітурыенты будуць здаваць першае цэнтралізаванае тэставанне (ЦТ) — па беларускай мове. Яно пачнецца ў 11.00.

Паводле інфармацыі Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў, сёлета правілы тэставання і колькасць заданняў не змяніліся. У дзень здачы тэста абітурыент павінен прыйсці на іспыты з зарэгістраваным пропускам, дакументам, які сведчыць асобу, і чорнай ручкай (гелевай ці капілярнай).

Як і ў папярэднія гады, тэхнічныя сродкі, якія дазваляюць праводзіць вылічэнні, можна выкарыстоўваць толькі на фізіцы і хіміі.
Забаронена праносіць на тэставанне мабільныя тэлефоны і іншыя сродкі захоўвання і перадачы інфармацыі.
Уведзена забарона з’яўляцца на ЦТ у галаўным уборы — пад ім можа быць утоены сродак перадачы інфармацыі.

Тэставанне арганізуецца ў 73 пунктах, 32 з якіх размешчаныя ў Мінску. 15 чэрвеня пройдуць іспыты па рускай мове, 17 чэрвеня — па гісторыі Беларусі, 19 чэрвеня — па матэматыцы, 21 чэрвеня — па грамадазнаўстве. 22 чэрвеня абітурыенты здадуць хімію, 23 чэрвеня — сусветную гісторыю найноўшага часу, 25 чэрвеня — фізіку, 26 чэрвеня — біялогію. 28 чэрвеня будуць арганізаваныя іспыты па замежных мовах, 29 чэрвеня — па геаграфіі.

Рэзервовы дзень ЦТ — 4 ліпеня. У гэты дзень тэст па адным прадмеце змогуць прайсці абітурыенты, якія па ўважлівых прычынах не ўдзельнічалі ў тэставанні ў асноўны час.

Час тэхнічнай апрацоўкі вынікаў ЦТ афіцыйна складае 10–12 дзён, аднак, як правіла, вынікі аб’яўляюцца датэрмінова. Сертыфікат ЦТ будзе выдавацца па месцы праходжання тэставання.

Усяго сёлета на ЦТ зарэгістраваліся 150 тыс. 175 абітурыентаў. Гэта больш чым на 20 тысяч менш, чым у 2010 годзе.

Традыцыйна самым запатрабаваным прадметам ЦТ з’яўляецца матэматыка, для здачы якой сёлета зарэгістраваўся 103 тыс. 571 абітурыент. На рускую мову запісаліся 96 тыс. 589 абітурыентаў, на беларускую — 53 тыс. 168. Фізіку пажадалі здаваць 45 тыс. 770 чалавек, англійскую мову — 29 тыс. 968, біялогію — 27 тыс. 718 чалавек. Гісторыю Беларусі абраў для праходжання выпрабаванняў 22 тыс. 91 абітурыент, хімію — 15 тыс. 776, грамадазнаўства — 11 тыс. 551 чалавек. На нямецкую мову падалі заяўкі 5 тыс. 645 абітурыентаў, на геаграфію — 2 тыс. 532, гісторыю найноўшага часу — 1 тыс. 997 чалавек. Для здачы французскай мовы зарэгістравалася 1 тыс. 440 чалавек, іспанскай — 346.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?