22 чэрвеня у мінскім клубе «Мулен Руж Show» гурт «У нескладовае» прадставіць новы сінгл «Станцыя». У запісе і канцэртнай прэзентацыі рэлізу возьме ўдзел расійскі гурт «Братья Грим».

Гурт «У нескладовае» — праект Рамана Арлова (экс-«J: морс») і Вадзіма Марголіна (экс-Postscriptum), створаны з мэтай папулярызацыі беларускамоўнай музыкі. У 2010 годзе калектыў выдаў дэбютны альбом «У нескладовае», у запісе якога бралі ўдзел вакалісты беларускіх гуртоў «Без Білета», «Дзецідзяцей», «J: морс», Neo, The Stokes і інш., а прэзентацыя адбылася пры падтрымцы культурнцкай кампаніі «Будзьма Беларусамі!».

Пры тым, што спачатку слухачы і крытыкі ставіліся да гурту скептычна, як толькі выйшаў першы альбом, стала зразумела, што «Ў нескладовае» — праект шматабяцальны. Што тычыцца гурту «Братья Грим», то ён, пасля некалькіх гучных хітоў у другой палове нулявых з гарызонтаў знік, але ў 2010 годзе нечакана запісаў новы альбом. Высветлілася, што за гэты час «Братья» не згубілі сваю аўдыторыю, што пры сучаснай музычнай канкурэнцыі — неблагі вынік.

Сінгл «Станцыя» будзе выкладзены ў Інтэрнэт 22 чэрвеня. Гэта не толькі анонс другога альбома, над якім зараз працуе «У нескладовае», але і выхад гурту на новы этап.

«Адна з галоўных мэтаў нашага праекту — прадстаўляць музыку на беларускай мове за межамі нашай краіны, — распавядае Раман Арлоў. — За першы год пры падтрымцы кампаніі „Будзьма Беларусамі!“ мы знялі кліп у Маскве і cыгралі там некалькі канцэртаў. Зараз мы пачынаем уцягваць замежных музыкаў у працэс творчасці на беларускай мове. З іх дапамогай мы хочам данесці нашу мову да больш шырокай аўдыторыі па ўсім былым Саюзе, пераўтварыць яе з дзівоцтва ў модную фішку».

Першым крокам ў гэтым напрамку і мусіць стаць супрацоўніцтва з гуртам «Братья Грим. Песню для дуэту напісаў Раман Арлоў. Вакальныя партыі для яе лідар гурту «Братья Грим» Канстанцін Бурдаеў запіша ў Мінску. 22 чэрвеня ён выканае кампазіцыю «Станцыя» з гуртам «У нескладовае» падчас канцэрта ў клубе «Мулен Руж Show». У межах выступу адбудзецца яшчэ шэраг прэм’ер з будучага альбома з удзелам Аляксандра Памідорава (Pomidor/off), Яўгена Чалышава («Харлі»), Віктара Рудэнка (Dali), Вадзіма Касалапава (Neo).

22 чэрвеня ў клубе «Мулен Руж Show» гурт «У нескладовае» з прэзентацыяй сінгла «Станцыя». Адмысловы госць — гурт «Братья Грим» (Расія). Пачатак у 20.00. Квіткі: 30 тыс. (танцпол), 50 тыс. (столік). Інфалінія: (029) 671 58 65, (029) 254 49 09.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?