29.12.2006 / 15:58

Мода на падпольнае 14

Дыскі з падпольнай музыкай разыходзяцца такімі накладамі, якія айчынным папсавікам нават ня сьняцца. Вынікі музычнага году падводзіць Сяргей Будкін.

Гэты музычны год быў багаты на супярэчлівыя зьявы. З аднаго боку, уціск незалежнага беларускага року працягваўся, і сытуацыя набыла зусім ужо вычварэнскія формы, уласьцівыя для часоў Андропава. Але зь іншага боку, беларуская незалежная музыка зацьвердзілася ў такім статусе: даваць кансьпіратыўныя канцэрты сталася модным нават сярод тых, хто ў тыя «чорныя» сьпісы яшчэ не патрапіў, пазнака «забаронена ў Беларусі» на замежнай канцэртнай афішы нашага гурту стала лепшай за любую рэкляму, а дыскі з падпольнай музыкай разыходзіліся такімі накладамі, якія айчынным папсавікам нават ня сьніліся. Культура беларускага супраціву сталася нагэтулькі моднай, што на нашай мове запяялі расейцы, палякі, украінцы, немцы.

Тэндэнцыя году

«Беларусь у Эўропе!», — гэта можна канстатаваць, паглядзеўшы толькі геаграфію выступаў айчынных выканаўцаў. У прынцыпе тое, што нашы музыкі граюць на цэнтральнай плошчы Варшавы, выступаюць у Каралеўскім тэатры ў Стакгольме, на буйных поп-, рок-, фольк-фэстах і ў невялічкіх кавярнях Парыжу, дзівіць не павінна. Каб беларускую незалежную музыку яшчэ й не ігнаравалі чыноўнікі ды дзяржаўныя мэдыі...

2006 год засьведчыў цікавасьць міжнароднай супольнасьці да беларускай песьні. «Аляксандра і Канстанцін» сталіся ляўрэатамі «Discovery 2006» у Варне, скарыўшы публіку песьняй «Сьвяты вечар».

N.R.M., якія ў сталіцы Беларусі не далі аніводнага афіцыйнага канцэрту, адыгралі цягам году ў сталіцах Польшчы, Літвы, Славакіі, Швэцыі.

«Дзюбэлі» двойчы запалілі ў Празе ды Варшаве.

Тацяна Беланогая перамагла на міжнародным бардаўскім фэсьце «Ballada OPPA».

Мала каму вядомы на радзіме гурт «Nhs-etho» дастаў перамогу на «Мікалайках» — буйным фольк-форуме.

А «Ляпісы» з «Сашам і Сірожам», якія цягам году цалкам адсутнічалі на беларускіх тэлеканалах, трыюмфавалі ва Ўкраіне. Беларускі дуэт са сваімі «Калыханкамі» быў сярод намінантаў на «Тэлетрыюмф» — прэміі Нацыянальнай рады Ўкраіны ў пытаньнях ТВ і радыё, а дыск «Ляпіса» — «Ты кінула» — папулярны ўкраінскі музычны часопіс «Mixer» уключыў у Топ-300 галоўных альбомаў у гісторыі сусьветнай (!) музыкі.

Увага да Беларусі ў сувязі з палітычнымі падзеямі ў нашай краіне прывялі і да ўсплёску цікавасьці з боку музычных нефармалаў сьвету. Так, бостанскі панк-гурт «Чолгаш» адправіў некалькі сваіх CD зь песьняй «F**k Lukashenko» у беларускую амбасаду. Вакаліст аўстралійскай каманды The Morning After Girls эпатуе публіку сваім сцэнічным імем — Саша Лукашэнка. Украінцы з De Shifer адмыслова да 19 сакавіка прэзэнтавалі свой «памаранчавы» гіт «Час прыйшоў», перасьпяваны па-беларуску.

Асобы году

Акром стандартнага набору прэтэндэнтаў на гэтае званьне, у беларускай музычнай індустрыі сёлета можна сьмела далучаць яшчэ колькі чалавек. Найперш пра звыклых.

Хоць новага альбому ад N.R.M. і «Крамбамбулі» сёлета не дачакаліся, іхны лідэр Лявон Вольскі працягвае заставацца ў топе галоўных асобаў. N.R.M. сёлета дзе толькі не грала — і ў пасольскіх рэзыдэнцыях, і ў паўпадпольных кавярнях, і на лецішчах у сяброў — але толькі не ў банальных канцэртных залях. Нізьзя! Тым ня менш, адсутнасьць дазволеных канцэртаў не нашкодзіла тутэйшай публіцы на памяць вывучыць яшчэ ня выдадзены новы гіт N.R.M. «Мінск-Менск». Альбом каманды, дарэчы, ужо цалкам запісаны і чакае на сваё выданьне налета.

Зьміцер Вайцюшкевіч, акром статусу «самага актыўнага беларускага музыкі», сёлета яшчэ набыў статус «мачо айчыннага року». І падобна на тое, што Зьмітру гэта даспадобы. Сьпявак пасьпеў сёлета адзначыцца ў альбоме Вольгі Залескай, засьпяваць з Тамарай Лісіцкай і Ларысай Грыбалёвай ды спакусіць дачку Глёбуса :). Акром таго, ён узяў удзел у запісе першага «нябардаўскага» альбому Алеся Камоцкага, зрабіць «супольны праект» для дзетак зь беларускамоўнымі калыханкамі і не забыцца запісаць, натуральна, два сольныя дыскі.

Варта ў гэтай намінацыі згадаць і рэпэра Крова з «Чырвоным па белым», з дапамогай якога ў беларускага хіп?хопу крыху затахкала сэрцайка. Можна сьмела называць яго самай нясьціплай асобай у беларускім андэрграўндзе, але ж мае права: дзясяткі тысяч спампаваных зь ягонага сайту песень, дэбютны дыск-складанка з галоўных песень ды матэрыял у нямецкім «Backspin» таму ёсьць пацьверджаньнем.

Не абысьціся ў гэтай намінацыі і безь Міхала Анемпадыстава, прызнанага «Чалавекам году ў беларускай музыцы» інтэрнэт?парталам «Тузін Гітоў». Менавіта яму належыць аўтарства апошняга гіта IQ-48 «Сьвятло ў цемры» і беларускага варыянту знакамітай «Аўтабіяграфіі», якія доўгі час трымалі лідэрства ў гіт-парадзе.

Паэт бліскуча правёў свой уласны «Бэніфэст» 12 сьнежня, стварыўшы ў невялічкім сталічным клюбе на караценькі час атмасфэру непадцэнзурнасьці і свабоды творчасьці.

Фэстывалі году

Сёлета адрадзілася «Рок-каранацыя». Трэба сказаць, час для вяртаньня цырымоніі быў абраны ня надта спрыяльны, аднак шоў выйшла на славу. Патаемнымі сьцежкамі-дарожкамі ў «казу» пратачыліся тыя, хто ў першапачатковым сцэнары не фігураваў, аднак бязь іх мерапрыемства губляла б свой сэнс, таму арганізатары рызыкнулі. Кароны раздалі гуртам, назвы якіх малаабазнанаму слухачу мала што скажуць: «Выпіць і паплакаць» (закансьпіраваны Neuro Dubel) атрымалі «Альбом году», а гурт «Варашкевіч і Ка» (тое «Крама») атрымаў званьне «Лепшы блюз-рок выканаўца». Нехта Піт Паўлаў павітаў са сцэны Мілінкевіча і сыграў папуры з гітоў адной папулярнай каманды, а каранаваны як гурт году J-Mors праз тое адмовіўся выходзіць на сцэну. Падалося ім, бач ты, што беларуская цырымонія ў галіне рок-музыкі занадта палітызаваная. У выніку галоўная «Рок-Карона» так і не знайшла свайго героя.

«Басовішча» прайшло на традыцыйным узроўні, праўда шматлікія сябры журы фэстывалю адзначылі, што сёлета ўзровень канкурсантаў быў слабейшы, чым раней. Адкрыцьця кшталту «Таварыша Маўзэра» на сёлетніх «Басах» сапраўды бачна не было. Перамаглі някепскія, але трохі другасныя «S.D.M.» і «Парасон», але фэст поўніўся міні-адкрыцьцямі (як магілёўскі «Водар Сусьвет»), нечаканасьцямі (як выступ літоўскай рок-зоркі IR і дэбют на «Басовішчы» гурту «Тройца») і заўсёднай гарадоцкай душэўнасьцю.

Яшчэ адным прэтэндэнтам на званьне «Фэст году» мог бы стаць «баброўскі» фэстывальны дуэт «Вольнае паветра» (Крупкі) / «Рок за баброў» (Бабруйск). Але... Першаму надта нашкодзіла надвор’е, скамячыўшы праграму і разагнаўшы значную частку публікі. А другому — чыноўніцкія забаб(р)оны. Менавіта з «Рокам за Баброў» у айчынную рок-музыку вярнулася літаваньне. У выніку праз «чыноўніцкае» сіта прайшлі ў асноўным бяскрыўдныя расейскамоўныя рокеры.

Галоўнай фэстывальнай падзеяй сёлета сталася полацкае «Рок-Кола». І без таго штогод насычаны конкурс сёлета набыў яшчэ адну цікавостку — кожны выступоўца, незалежна ад сваёй геаграфічнай прыналежнасьці, мусіў уключыць у свой конкурсны сэт адну песьню з рэпэртуару «Мясцовага часу», 20-годзьдзе якога сёлета і сьвяткавалі. Перамогу дастаў смаленскі гурт Deimos, ляўрэатамі сталіся магілёўскі «Водар Сусьвет», наваполацкая «Амальгама» і менскі S.D.M. У «Рок-Кола» ёсьць усе складнікі добрага фэсту: канцэпцыя, фанатычныя арганізатары, харызматычныя вядоўцы, ляяльная гарадзкая адміністрацыя. Вучыся, сталіца!

Апытаньне на сайце "НН"

Якая песьня 2006 году найлепшая?

Беларусь будзе вольнай (Таварыш Маўзэр) — 141 чалавек (21.3%)

Гадзючнік [Усё роўна мы пераможам] (NRM) — 139 (21.0%)

Мінск—Менск (NRM) — 20 (18.1%)

Не жадаю (Чырвоным па беламу) — 109 (16.4%)

Край (Neuro Dubel) — 48 (7.2%)

Аўтабіяграфія (Варашкевіч‑Вольскі) — 37 (5.6%)

Сьвятло ў цемры (IQ‑48) — 30 (4.5%)

Слушай Батьку (Алеся, Анатоль Ярмоленка) — 32 (4.8%)

Возле дома твоего (Сярога) — 7 (1.1%)

Усяго прагаласавала: 663

Сяргей Будкін

0
Галіна Арцёменка / Адказаць
26.12.2006 / 16:00
Гэта сапраўдныя шляхцічы. Песняй сваёй услаўляюць свой народ, сваю радзіму. Усім ім шчасця ў Новым годзе.
0
Zmahar-z-Miensku / Адказаць
26.12.2006 / 17:38
Цікава, а бясплатная сэрыя складанак "Песьні свабоды" - гэта нешта новае ў беларускім падпольным шоў-бізнэсе, ці ўжо раней былі студыі гуказапісу кшталту "Volia Music"?
0
МК / Адказаць
26.12.2006 / 21:06
А шляхцічы гэта хіба не паны-прыгнятальнікі ? здаецца, мы іх 100 гадоў выкаранялі ?
Паказаць усе каментары/ 14 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру