Напярэдадні светлых зімовых святаў хлопцы з «Крамбамбулі» вырашылі «пачаставаць» сваіх прыхільнікаў зусім свежымі музычнымі творамі. Разам з віртуальнай каляднай паштоўкай з выявай тыповых прадстаўнікоў тутэйшай фаўны беларускія мэламаны атрымалі магчымасць спампаваць на сайце «Крамбамбулі» дзве песні з новага альбома «Крамбамбуля Святочная».
Альбом выйдзе яшчэ праз некалькі тыдняў, а святы ж – вось яны! Таму, каб падтрымаць ухвальнае імкненне суайчыннікаў сустракаць галоўная святы году пад сваё, беларускае, музыкі вырашылі запусціць «папярод цягніка» песні «Каляды» и «З новым годам!». Абедзьве стануць цудоўным унёскам у сямейную калядную фанатэку, тым больш што «Святы вечар» з 2000 году ужо заслуханы, што называецца, «да дзірак».
Упрыгожваючы ялінку ці седзячы за калядным сталом, добра паставіць крышталёва‑зіхоткую, карункава‑прыгожую калядную, якая абуджае па‑дзіцячаму шчымлівае чаканне казкі, якой кожнаму з нас так хочацца на Каляды... А у навагоднюю ноч можна «даць джазу» з сябрамі пад навагоднюю – няўрымслівую і хуліганскую, зусім іншую па гучанні і настроі… Зрэшты, абедзьве яднаюць тонкі гумар, нязмушанасць і шчырая лаяльнасць да ўсяго чалавецтва з усімі яго хібамі і праблемамі. Тое, за што і любяць «Крамбамбулю»!
Адным словам, як гаворыцца ў той жа «Каляднай»,
«Хай дзень за днём / Нас цягнуць на дно / Ўсё адно / Знойдзем шляхі да выраю…»